11.03.2020

Дзень роднай мовы

Дзень роднай мовы

Выракацца роднай мовы не маем права!

Янка Купала

21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы, які быў абвешчаны ЮНЕСКА. Беларусь таксама далучаецца да адзначэння гэтага дня, які ўзнік як напамін кожнаму пра значнасць роднай мовы. Справа ў тым, што дата з'явілася пасля таго, як студэнты ў Бангладэшы загінулі, абараняючы свае моўныя правы. Беларуская мова таксама прайшла вялікі шлях развіцця, і шмат людзей паклалі свае жыцці, каб яна сёння была дзяржаўнай. Дарэчы, прыемны той факт, што моладзь вельмі цікавіцца роднай мовай, імкнецца яе вывучаць не толькі на базавым узроўні, а наведвае і шматлікія моўныя курсы, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг, музычных навінак і іншых мерапрыемстваў, звязаных з беларускай мовай, у тым ліку і на Міжнародны дзень роднай мовы. Варта адзначыць, што гэты дзень быў абвешчаны не так і даўно, у 1999 годзе, а ў Беларусі на некалькі год пазней, таму ён яшчэ знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Але неабходна адзначыць, што пэўныя традыцыі ўсё ж такі існуюць. І самая галоўная – гэта напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая з'яўляецца сімвалам Дня роднай мовы. Традыцыяй дарэчы стала і тое, што дзень роднай мовы ператвараецца ў свята, адзначаецца тыдзень і набывае рысы свята паэтапнага ўвасаблення, фестывалю, канцэрту, шоу і інш. Хвалюючым пытаннем для моладзі з'яўляецца пераход на беларускую мову ў штодзённым жыцці.

Узгадваю, як у 8 класе на ўроках беларускай літаратуры праходзілі творчасць Кастуся Каліноўскага. Памятаю, як мяне ўразіла мужнасць Каліноўскага, які загінуў за тое, каб мы сёння жылі ў вольнай Беларусі, і памятаю той момант, калі не здолеў годна па-беларуску адказаць настаўніцы пра асобу Кастуся. Ужо тады лічыў сябе патрыётам і зразумеў, што абавязаны добра валодаць роднай мовай, бо любоў да Радзімы, складаецца ў тым ліку і з роднай мовы. Мне пашанцавала, бо ў маім класе вучыўся Юрась, які марыў цалкам перайсці на родную беларускую мову. І вось, мы ўдвох пачалі наш “шлях да Беларусі”, амаль як у вершы народнага паэта Ніла Гілевіча. Выбралі адзін дзень, калі будзем размаўляць па-беларуску, і гэта была субота. Памятаю, наколькі складаным быў гэты дзень, як цяжка падбіраліся словы і складаліся ў сказы, але гэта было часова. Родная мова пачала абуджацца, бо яна знаходзіцца ў нашым ДНК, карацей, на генетычным узроўні. Першы крок быў пройдзены, і мы з аднакласнікам сталі рабіць беларускамоўнымі і іншыя дні, пакуль цалкам не перайшлі на родную мову. Улічваючы той факт, што мы хацелі навучацца па-беларуску, а школа была рускамоўнай, мы папрасілі падручнікі на беларускай мове: вялі дзённікі па-беларуску, адпаведна адказвалі на ёй на ўсіх прадметах і нават мелі індывідуальныя заданні па матэматыцы, фізіцы, хімііі на роднай мове. Дарэчы, першы Міжнародны дзень роднай мовы я зладзіў менавіта ў сценах сваёй школы, калі да мяне звярнулася педагог-арганізатар. Памятаю, тады яшчэ працавала школьнае радыё, і на перапынках у нас гучала сучасная беларускамоўная музыка, у актавай зале адбылася сустрэча з класікам нашай літаратуры, дзяржаўным і грамадскім дзеячам Генадзем Бураўкіным, якая таксама стала для мяне вельмі знакавай. Памятаю, як падыйшоў да яго, распавёў пра тое, што перайшоў на беларускую мову, што пры падтрымцы адміністрацыі школы мы зладзілі дзень роднай мовы, які завяршаецца Вашай літаратурнай сустрэчай. Працягнуў яму для аўтографа кнігу “Конь незацугляны”, на якой ён напісаў адзін з маіх жыццёвых запаветаў: “Кірылу, каб ва ўсім захоўваў сілу!” Гэтая фраза шмат для мяне значыць, тоіць у сабе розныя сэнсы, дапамагае знаходзіць сілу для тых добрых спраў на карысць Беларусі, якімі я займаюся разам з паплечнікамі. Дзень роднай мовы таксама ўваходзіць у гэтую скарбонку.

Захоўваць сілу, не падаць духам, падымацца, рухацца наперад, абуджаць родную мову, зберагаць і папулярызаваць традыцыі і культуру свайго народу, быць верным Беларусі – мой заклік да кожнага грамадзяніна нашай Бацькаўшчыны!

10 сакавіка 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 328 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»