Print this page
18.03.2020

Айчыннае кіно – з’ява неабходная

Айчыннае кіно – з’ява неабходная

Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне…

Алесь Разанаў

Айчыннае кіно – з’ява вельмі цікавая і неабходная. Чаму неабходная? Бо з’яўляецца важным сродкам захавання і папулярызацыі беларускай культуры, гісторыі, быту, сучаснасці, перспектыўных, а часта і альтэрнатыўных напрамкаў развіцця (маецца на ўвазе навуковая фантастыка), моцным выхаваўчым фактарам.

З аднаго боку, у нас вялікая калекцыя якасных дакументальных, аўтарскіх і мультыплікацыйных праектаў, багатая гісторыя вытворчасці фільмаў сусветнага ўзроўню, маюцца на ўвазе мастацкія фільмы савецкага перыяду і фільмы, якія зняты на нашай базе, а з іншага боку, зусім мала мастацкіх нацыянальных кінапрадуктаў, якія б адпавядалі запатрабаванням часу і патрэбам беларусаў і Беларусі, бо шырокая публіка больш усё ж такі глядзіць мастацкія фільмы, пра іх і пойдзе гаворка далей.

Часта, на жаль, чуеш ад сяброў, знаёмых, малазнаёмых людзей пра тое, што ў Беларусі няма свайго “нармальнага” кінематографа. Часткова не пагаджуся з гэтым выказваннем, бо ведаю шмат шэдэўраў, якія былі зроблены ў нас і на нашым матэрыяле: “Кастусь Каліноўскі”, ”Чорны замак Альшанскі”, “Альпійская балада”, “Корцік”, “Ідзі і глядзі”, “Мяне завуць Арлекіна”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Белыя росы”, “Сын за бацьку”, “Я родам з дзяцінства”, “Знак бяды”, “Міколка-паравоз”, “Людзі на балоце” і іншыя вядомыя і любімыя фільмы. Улічваючы, што гэтыя фільмы ўжо класіка, то згодны, што ёсць куды імкнуцца ў сферы папулярызацыі і здымкаў кіно.

Што тычыцца сучаснага перыяду, то немагчыма не адзначыць такія камедыі, як “Колер кахання” і “Дасціш фантасціш”, маладога рэжысёра Ігара Канановіча. Што такога незвычайнага ў гэтых фільмах? Мабыць тое, што яны цікавыя беларусам. Зробленыя не толькі ў нас, але і пра нас, і ўсё гэта ў моцнай падачы, з айчынным музычным аздабленнем і акцёрскім складам, з тэмамі, блізкімі кожнаму, хто нарадзіўся і жыве ў Беларусі. Узгадваю, як працуючы ў Чаркаскім СДК, супольна з кінавідэапракатам дэманстравалі гэтыя стужкі: уражанне – неверагоднае. Па-першае, дэманстравалі іх некалькі разоў, бо не хапала месцаў на сеанс, а ўсе хацелі паглядзець. Адкажу, што не адна замежная кінастужка, за выключэннем тых, што былі ў беларускамоўнай агучцы, не збірала аншлагу. Звычайна на кіно хадзіла 5-10 чалавек, а тут падчас усіх паказаў амаль 1000. Зала рагатала ад смеху і бачыла ў героях сябе ці аднавяскоўцаў, падпявала песню “Госці” і разглядала краявіды Беларусі, з гонарам канстатуючы той факт, што яны там былі. Дарэчы, мы дэманстравалі іншыя фільмы, такія як “Масакра”, трылер паводле творчасці Яна Баршчэўскага “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Анастасія Слуцкая”, пра княгіню-ваярку, заступніцу народа, “Брэсцкая крэпасць”, пра подзвіг абаронцаў крэпасці напачатку вайны ў 1941 годзе, “У тумане”, паводле аповесці карыфея ваеннай прозы, ветэрана ВАВ, народнага пісьменніка Васіля Быкава, “Дняпроўскі рубеж”, пра гераічную абарону Магілёва падчас Вялікай Айчыннай вайны, “Свежаніна з салютам”, калядная камедыя пра гісторыю, якая магла здарыцца ў любой беларускай вёсачцы, і іншыя ў тым ліку кароткаметравыя стужкі, пачынаючых, і не толькі, рэжысёраў. Нават падаваліся на конкурс Саюза кінаматаграфістаў, як лепшая ўстанова, якая дэманструе айчыннае кіно, але канешне ўлічваючы, што кіно ў рабоце Дома культуры займае не асноўныя пазіцыі, перамагчы не атрымалася, але мы былі адзінай ў Рэспубліцы сельскай установай клубнага тыпу, якая прыняла ў ім удзел.

Дарэчы прыемна, што ў гэтым годзе выходзяць такія стужкі, як “Авантуры Пранціша Вырвіча”, 19 сакавіка па рамане Людмілы Рублеўскай і “Купала”, дата выхаду анансуецца на восень, пра лёс і жыццё народнага паэта-прарока, генія Янку Купалу. Упэўнены, што фільмы збяруць аншлагі, бо часта на сустрэчах з моладдзю задаюцца пытанні пра выхад сапраўды нацыянальных фільмаў. Людзям цікава глядзець пра сваё, пра сваіх герояў, таму фільм “Купала” такі чаканы публікай. У размовах часта чую ад моладзі тэматыку, на якую яны хочуць глядзець айчыннае кіно. Звычайна гэта пра нашых герояў, напрыклад пра Пятра Машэрава ці пра ансамбль “Песняры”. Хочуць бачыць фільмы на беларускай мове, бо лічаць, што нацыянальнае кіно павінна быць на нацыянальнай мове, а на ўсе астатнія можна перакласці, здымацца павінны нашы акцёры, бо іншых мы бачым у замежных фільмах, папулярызавацца каштоўнасці беларускага народу, бо толькі так можна заняць сваю нішу. Прыводзяць да прыкладу фільмы “Гараш” і “Партызанфільм” з удзелам Аляксандра Кулінковіча, лідара гурта Нейра Дзюбель. Крытычна ставяцца да запрашэння замежных зорак у айчынныя фільмы, як гэта было зроблена ў “Мы браты”, дзе здымаўся амерыканец Эрык Робертс, ці “Крапавы бярэт”, куды паклікалі расіяніна Сяргея Селіна. Стаўка на сваіх, вось пра што гаворыць мне моладзь, бо разумее, што гэта тычыцца іх таксама, гэта правіла выжывання, як напісана ў адным рамане ўжо вышэй узгаданай Людмілы Рублеўскай: “Сваё мусіць быць заўсёды даражэйшае за чужое - звычайная праграма захавання жывёльнага віду і чалавечай нацыі”.

Цалкам падзяляю гэтыя думкі, бо ў нас вельмі разумная і патрыятычная моладзь, якая любіць Беларусь і хоча зрабіць яе яшчэ лепш.

18 сакавіка 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 361 times
Login to post comments