20.03.2020

Спыніць COVID-19

Спыніць COVID-19

Пі халодную воду, не будзеш хварэць да роду.

Народная мудрасць

 

Увесь сусвет прыкаваны да праблемы Каранавіруса COVID-19 – віруснай інфекцыі, якая выклікае інтаксікацыю арганізма і праблемы з дыхальнай і стрававальнай сістэмамі. Таму чарговы раз акрэсліць сітуацыю, лічу, неабходна ў форме блогу, для лепшага ўспрымання грамадой.

Пачаць хачу, канешне, з сімптомаў (галаўны боль, тахікардыя, павышэнне тэмпературы, сухі кашаль, боль у горле, дыярэя, задышка) і пераліку тых рэкамендацый, якія сфармуляваны медыкамі ў сувязі з успышкай гэтага захворвання, і могуць дапамагчы яго пазбегнуць:

  • Дэзінфікаваць рукі мылам, ці выкарыстоўваць у гэтых мэтах антысептык на спіртавой аснове;
  • Праводзіць гігіену рук, асабліва перад дакрананнем да рота, носа або вачэй, а таксама пасля кантакту з поручнямі і дзвярнымі ручкамі;
  • Пры чыханні або кашлі прыкрываць рот рукой, локцем, а лепш папяровай сурвэткай;
  • Піць больш вадкасці, бо, як кажуць медыкі, вірус, трапляючы ў паражніну рота, змываецца ў страўнік і там знішчаецца;
  • Пазбягаць цесных кантактаў з людзьмі з сімптомамі ВРІ;
  • Рэгулярна праветрываць і ўвільгатняць памяшканне, у якім знаходзіцеся;
  • Пры наведванні шматлюдных месцаў, можна выкарыстоўваць маску, але трэба памятаць, што яе неабходна правільна насіць і мяняць кожныя 2 гадзіны;
  • Трымаць дыстанцыю ў чэргах і іншых месцах масавага наведвання мінімум 1,5 метра, бо невядома: хто побач, хварэе ён ці не, адкуль прыехаў і гэтак далей.

Упэўнены, што гэтыя простыя рэкамендацыі дапамогуць пазбегнуць распаўсюджвання інфекцыі, і такім чынам выведуць найхутчэй нашу краіну з каранціну, які адмоўна ўплывае на жыццё грамадзян.

Пра што асабліва хочацца выказацца, дык гэта пра месцы, дзе вірус сапраўды маланкава разлятаецца: розныя фэйкі ў інтэрнэце, чуткі, плёткі, якія падштурхоўваюць людзей да нейкіх радыкальных метадаў, якія наўрад ці могуць дапамагчы ў сітуацыі па выхаду з каранціну. Адным з такіх радыкальных і шкодных плётак лічу масавыя закупы туалетнай паперы, грэчкі, тушонкі, алею і іншых прадуктаў і тавараў. Адразу скажу, што запасаў дастаткова, і голаду ў бліжэйшы год, больш скажу, нават пяць год не прадбачыцца, і гэта добра. Але мы, беларусы, па сваёй ментальнасці партызаны, назапашлівыя людзі, я пра гэта неяк ужо пісаў у блогу, таму гэта ў нашай крыві, і тут няма чаго здзіўляцца. Аднак выкажуся, што меру трэба ведаць, бо што занадта, то не добра, ды і падштурхоўвае да маніпуляцый розных недобрасумленных таварышаў, якія пачынаюць нажывацца на эпідэміі, ды і розных камор, склепаў цяпер амаль няма, а значыцца няма месца, дзе гэта ўсё захоўваць, што прывядзе да псавання прадуктаў, якія пасля трэба будзе знішчыць. Што тычыцца выказванняў наконт закрыцця навучальных устаноў, то асабіста ў мяне гэта выклікае пытанне. Яно заключаецца ў тым, што дзеці з’яўляюцца катэгорыяй, якая вельмі лёгка пераносіць вірус, сімптомы могуць быць нябачнымі, але ў той жа час могуць з’яўляцца распаўсюднікамі інфекцыі. Таму, калі казаць пра закрыццё школ, то большасць з гэтых дзяцей пойдзе да бабуль і дзядуль, бо бацькі працуюць, а гэта якраз самая неабароненая ад віруса частка насельніцтва. Таму лічу сэнсу ў закрыцці школ няма, лепш дзеці і моладзь будуць лакалізаваныя. Што тычыцца межаў, то яны і так вакол нас зачынены.

Калі мы гаворым пра распаўсюджванне эпідэміі, то павінны казаць і пра нашу асабістую адказнасць, прытрымлівацца вышэй акрэсленых правілаў, не паддавацца панічным настроям. Таксама лічу, што адной з магчымых абаронных механізмаў з’яўляецца Беларусь у кожным з нас. “Гэта як?” - запытаецеся Вы. Адказ вельмі просты, пра які было напісана ў шэрагу маіх артыкулаў, ды і не толькі маіх, а яшчэ нават навуковых, медыцынскіх. Мы ўсе – дзеці Беларусі, зямлі-маці, якая нас узрасціла, заклала пэўныя коды і механізмы, якія запраграмаваны на развіццё, выжыванне нашай нацыі і дзяржавы. Таму найлепшай абаронай, якая не выключае папярэднія рэкамендацыі, з’яўляецца ўжыванне ўсяго свайго: ад ежы да культурных прадуктаў. Менавіта гэтая формула дапамагла нашым продкам выжыць сярод іншых краін і нацый. У нашай гісторыі, літаратуры, навуцы схаваны ўсе адказы, якія мацуюць нас духоўна і фізічна. Прадукты, беларускія па паходжанні, найлепш уплываюць на наша здароўе. Медыкамі эксперыментальна праз розныя аналізы даказана, што калі ўжываць, напрыклад, яблыкі айчынныя, а не замежныя, то арганізм працуе лепш і мае значна вышчэйшыя фізіялагічныя паказчыкі і імунітэт, што важна, асабліва падчас успышкі COVID-19, завезенай з замежжа. Гэта тычыцца іншых прадуктаў і страваў, у тым ліку і цыбулі з салам, лячэбных узвараў, якія толькі станоўча паўплываюць на арганізм і інш. А калі казаць больш шырока, то спажыванне свайго культурнага коду дапамагае нам духоўна, мацуе нас на барацьбу з вірусам, не дае паддавацца негатыўным настроям, мабілізуе, дысцыплінуе і заклікае да адказнасці перад Бацькаўшчынай, што таксама немалаважна.

Як пяецца ў вядомай і любімай усімі песні: “Бывайце здаровы, жывіце багата!”

Дарэчы, карыстаючыся магчымасцю, у чарговы раз выказваю шчырую падзяку нашым медыкам, якія працуюць у некалькі змен у эпіцэнтры заражэння і прыкладаюць максімум намаганняў, каб перамагчы і цалкам спыніць COVID-19.

20 сакавіка 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 281 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»