31.03.2020

Час для чытання

Час для чытання

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі,
як не робіць ніхто, – і тады пераможаш!.
Уладзімір Караткевіч (Ладдзя роспачы)

Зараз вельмі шмат размоваў пра Каронавірус, вось і мая папярэдняя замалёўка была пра яго. У замалёўцы было падкрэслена, што айчынныя веды, якія знаходзяцца ў кнігах, дапамогуць нам перамагчы навалу. Таму вырашыў даць сваю кароткую падборку кніг, у якіх тэксты натхняюць, а героі перамагаюць і ніколі не схіляюць галаву перад небяспекай, бо як кажа народная мудрасць: “Нуда, горш за хваробу”.

Час прыспеў для чытання і перачытвання, пошуку адказаў на любыя хвалюючыя тэмы праз літаратурную скарбонку Беларусі, асабліва, калі на гэта стала больш часу: у сувязі з адменай масавых мерапрыемстваў, скарачэнняў паходаў па розных забаўляльных установах, а магчыма, знаходжаннем дома, прытрымліваючыся закліка медыкаў: “Мы працуем дзеля Вас – заставайцеся дома дзеля нас”. Таму парэкамендую свой уласны топ - 7, хаця, насамрэч, ён мог бы быць і топ - 100 кніг, але блог мае абмежаванні па колькасці напісанага, што значна ўскладняе задачу, бо трэба выбіраць.

Пачаць хочацца, канешне, з класікі, асабліва напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі. Канешне, як Вы і маглі здагадацца – гэта спадчына Васіля Быкава, аўтара які па праву з’яўляецца лідарам ваеннай прозы не толькі на беларускай прасторы, але і ў свеце. Ягоныя творы перакладзены больш чым на паўсотні моваў, а тыражы дасягаюць мільённых накладаў, па большасці зняты мастацкія фільмы. Найбольш знакавай для мяне стала аповесць “Сотнікаў” ці “Ліквідацыя” адна з непадцэнзурных назваў. Прачытаў яе яшчэ ў школе, пасля паглядзеў фільм, чорна-белы дарэчы, затым перачытаў яшчэ некалькі разоў. Аповесць распавядае пра чалавечую сутнасць падчас крывавых падзей вайны. Кніга пра мужнасць, любоў да Радзімы і свайго народу. Кніга пра герояў і антыгерояў, якія ёсць у любыя часы. У прынцыпе, уся творчасць Васіля Быкава пра чалавечнасць і патрыятызм, асабісты выбар і выхаваўчы эфект, дзе вайна з’яўляецца толькі формай і ўмовай для раскрыцця вобраза, таму творы аўтара будуць заўсёды актуальныя.

Немагчыма не сказаць і пра Уладзіміра Караткевіча, аднаго з унікальнейшых пісьменнікаў, які праз свае кнігі знаёміць чытача з гісторыяй Беларусі, узмацняе любоў да ўсяго беларускага і натхняе на добрыя справы на карысць Бацькаўшчыны. Літаральна на днях перачытаў яго знакамітую навелу “Ладдзя роспачы”. Навела распавядае гісторыю шляхціча, які моцна любіў сваю родную зямлю і верыў у Беларусь і беларусаў, што дапамагло яму перамагчы ў смяротным выпрабаванні, знайсці каханку і выратаваць шмат добрых людзей. Тэкст багаты на крылатыя выразы, такія як: ”Кожны носіць сваё неба з сабою”, “Позна бывае толькі ў труне” і інш, насычаны патрыятычным пафасам і беларускасцю, як, у прынцыпе, і ўся яго проза, у тым ліку і вершы. Раю для абавязковага прачытання. У скарбонку дадам, што пасля знаёмства з любым творам Уладзіміра Караткевіча хочацца прачытаць яго ўсяго.

Калі казаць пра класіку, то, канешне, варта перачытаць Янку Купалу і Якуба Коласа. Што б параіў? Ды напэўна амаль усё, хаця рэкамендаваў бы звярнуць увагу на восьмы том поўнага збору Янкі Купалы, у якім сабраны артыкулы, нататкі, выступленні, лісты класіка, пачынаючы ад 1904 года, прысвечаныя актуальным пытанням грамадска-палітычнага жыцця, і непадцэнзурнага “Сымона Музыку” Якуба Коласа, выдадзенага ў 2019 годзе.

Але ад класікі хочацца перайсці і да больш сучаснага перыяду, але спачатку звернемся да паэзіі. Тут прапаную прачытаць зборнік вершаў Алеся Чобата “Планета”, які мае патрыятычную накіраванасць і насычаны любоўю да роднага краю, малой радзімы, што праяўляецца ў кожным радку. Адметна, што гэты адносна не малады паэт, напісаў вершы да гэтага зборніка будучы цалкам сляпым, што на мой погляд толькі ўзмацніла яго творчасць, якая і раней (да слепаты) была добрай.

Пераходзячы да сучаснаснай прозы за галоўнага мабыць парэкамендую Віктара Марціновіча, як самага чытанага пісьменніка апошніх гадоў, кнігі якога не аднойчы білі рэкорды продажаў, а прэзентацыі збіралі аншлагі. Гаворка пойдзе пра постапакалепсічны раман “Ноч”. Дзеянне адбываецца ў будучым, у якім адсутнічае электраэнергія і пануе вечная ноч. Свет пагрузіўся ў цемру, у прамым і пераносным сэнсе, Мінск і Беларусь падзяліліся на дробныя княствы з рознымі мадэлямі кіравання, рэсурсамі і магчымасцямі, злачынцамі і дабрадзеямі, папяровыя і электронныя грошы адышлі ў небыццё, валютай стаў “цынк”, альбо батарэйкі, як сімвал эпохі, друкаваныя кнігі набылі новую моц. Гісторыя галоўнага героя – гэта гісторыя кнігара, які ў новай рэчаіснасці попыту на кнігі робіцца вельмі заможным і паважаным чалавекам на вяршыні іерархіі, але адмаўляецца ад усяго і выпраўляецца ў падарожжа, якое часамі вельмі небяспечнае, але вартае, каб яго прайсці.

Таксама з сучаснікаў раю звярнуць увагу на кнігу Людмілы Рублеўскай “Пантофлі Мнемазімы”, у якой спалучаюцца містыка і рэчаіснасць, каханне, патрыятызм, гісторыя нашай краіны і пошук героямі сябе. Прыгодніцкая накіраванасць дадае лёгкасці і хуткасці чытання і не адпускае ні на хвіліну. Кніга чытаецца адразу, запоем, але правільныя маральныя сэнсы, закладзеныя ў ёй, не адпускаюць доўга, пакуль не замацуюцца ў падсвядомасці.

Хочацца распавесці пра сотні мастацкіх твораў, вершаў, якія аўтар гэтых радкоў меў гонар прачытаць, і якія не менш чым вышэй узгаданыя заслугоўваюць права быць рэкамендаванымі, але тэкст мусіць быць ёмістым.

Упэўнены, што для пачатку хопіць і вышэйузгаданага, але спадзяюся, што толькі для пачатку, каб далей самастойна пазнаёміцца з непрачытанымі і дачытаць недачытанае, ці перачытаць нанова ўжо вядомыя творы айчыннай мастацкай літаратуры, а, магчыма, пагартаць і іншыя кнігі навуковага і навукова-папулярнага зместу: пра нашу гісторыю, фальклор, традыцыі, культуру, мову, дзяржаўнае будаўніцтва і ўсе іншыя сферы нашай роднай і любімай Беларусі, але, як кажуць – гэта ўжо зусім іншая песня.

31 сакавiка 2020 г.

Rate this item
(0 votes)
Read 284 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»