14.05.2020

Дзедава ўзнагарода

Дзедава ўзнагарода

«Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…»

Адам Русак

Дадзены тэкст – гэта рэфлексія на падзею, якая адбылася са мной напярэдадні свята 75-годдзя з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, бо спачатку запланаваў, што напішу блог менавіта на 9 мая, нават пачаў над ім працаваць і назву падабраў “Рэспубліка-партызанка”, бо хацеў распавесці пра подзвіг партызан у той вайне, але 7 мая атрымаў юбілейны медаль, і таму вырашыў напісаць на гэту тэму.

Патлумачу, чаму медаль паўплываў на ход маіх думак. Атрымаўшы ўзнагароду, адчуў, што яе зусім не заслугоўваю, нягледзячы нават на тое, што займаюся патрыятычным выхаваннем моладзі і прыкладваю шмат намаганняў для захавання памяці пра тую вайну, подзвіг нашага народа і цану Перамогі. Вось і сёлета мы запусцілі цудоўны праект “Чытаем класіку пра Вялікую Айчынную вайну разам”, дзе супольна з лідарамі і актывістамі Мінскай абласной арганізацыі прачыталі ў інтэрнэце аповесць “Сотнікаў”, Народнага пісьменніка Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава. Намаганнямі актывістаў займаліся традыцыйна навядзеннем парадку на помніках і абелісках, брацкіх магілах. Запусцілі акцыю “Беларусь памятае”, падчас якой моладзь рабіла фота з партрэтамі сваіх сваякоў, якія былі на той вайне, выстаўляла іх на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, распавядала сябрам, і тым самым чарговы раз нагадвала пра той подзвіг, які ўчынілі нашыя продкі падараваўшы нам Перамогу, а за ёй – мір і магчымасць будаваць сваю рэспубліку. Па ўсёй Міншчыне здзейснілі шмат памятных мерапрыемстваў.

Вяртаючыся да юбілейнага медаля, паразмаўляўшы з татам, зразумеў, што ён выдадзены мне не за мае заслугі, а за дзедаўскія, прадзедаўскія. Гэта іх медаль, бо яны былі ўдзельнікамі той вайны. Прадзед па татавай лініі Іван загінуў у баях з фашыстамі ў 1944 годзе пад Ломжай, што ў Беластоцкай вобласці сучаснай тэрыторыі Польшчы і пахаваны там, у брацкай магіле. Дзед Віктар, будучы 12-гадовым хлопцам, вазіў партызанам харчаванне і зброю ў Бярэзінскім раёне. Аднойчы, калі ён перавозіў зброю, схаваную ў гнаі калёсаў, яго спыніў варожы атрад для праверкі дакументаў, па словах дзеда яму пашанцавала, што немцы вырашалі не капацца ў тым гноі, бо хутчэй за ўсё яго б адразу застрэлілі. Бабуля Леаніда была малалетнім вязнем концлагера і да канца жыцця памятала, як фашысты спалілі яе хату і ў падрабязнасцях гэта распавядала, бо цудам засталася жывая. Па мамінай лініі таксама шмат хто ваяваў, і таму з дзяцінства чуў розныя гісторыі з той вайны, не толькі пра бітвы, але і пра выжыванне, пра голад і хваробы, пра жорсткасць паліцаяў і нечалавечыя ўмовы, у якіх неабходна было рабіць правільны маральны выбар, які не заўсёды быў на карысць жыцця, каб пасля людзьмі звацца. Мае продкі прайшлі годны шлях да перамогі, я імі ганаруся, яны ніколі не прасілі ніякіх узнагарод і не лічылі, што рабілі нешта звыш, яны проста любілі сваю Радзіму і ведалі, што яе трэба абараніць, каб далей жыць і развівацца. Таму лічу, што гэта дзедава ўзнагарода, медаль, які заслужылі продкі і які быў уручаны мне, як працягу роду і павагі да іх учынкаў, якія набліжалі Перамогу, ажно праз 75 гадоў, бо як адзначыў філосаф Валянцін Акуловіч: “Я – гэта колькі там тысяч год і колькі там соцен каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасць – гэта каштоўнасць скарбонкі, у якую ссыпаны здабыткі, набытыя нястомнай працай на працягу невядома якога часу, бо я ўсяго толькі месцішча, дзе мой этнас працягвае існаванне з усімі сваімі тысячагоддзямі і каленямі”.

Памятаць пра падзеі той вайны, не забываць тых, хто здабываў Перамогу, свяшчэнны абавязак кожнага, хто нарадзіўся і жыве на гэтай зямлі!

14 мая 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 314 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»