30.06.2020

РаЗАм з бацькам

РаЗАм з бацькам

Махай дружна касой, пакуль згіне раса —

Куй жалеза, пакуль не астыне яно!

Рэж аселіцу, брат, калі зрэзаў гумно,

А там далей — на лог няхай мчыцца каса.

 Янка Купала

Напісаць пра традыцыйную касьбу мяне натхнілі публікацыі маіх сяброў у сацыяльных сетках, якія адлюстравалі моманты сваёй працы праз каларытныя фота і відэа. Калі я пабачыў іх у сваёй стужцы, то зрабіў тое самае, выклаўшы сваё фота ў “інсце” падчас касьбы свайго прысядзібнага ўчастку. Чаму я вырашыў гэта зрабіць, падтрымаць гэты чэлендж, які насамрэч ім не з’яўляўся, да канца сказаць не магу, бо гэта адбылося на эмацыйным узроўні. Хутчэй за ўсё таму, што гэта нагадала мне тыя моманты, што я праводзіў у вёсцы. Трохі паразважаўшы на гэту тэматыку, перачытаў “Новую зямлю” Якуба Коласа, узгадаў песню “Касіў Ясь канюшыну”, паўстанцаў-касінераў, што ў 1863-1864 гг. змагаліся за Беларусь, шмат прыказак і прымавак, шэраг цікавых прынтоў з выявай беларускай касы і зразумеў, што каса для беларусаў – гэта не толькі прылада працы, а моцны сімвал. Калі не памыляюся, то каса ўваходзіла ў адзін з першапачатковых эскізаў варыянтаў герба БССР, але гэта не дакладна, ад слова зусім. Карацей кажучы, каса і той патрыятычны дух, якім ахутана гэтае слова, натхнілі мяне распавесці пра сваю асабістую сувязь з гэтай вядомай, патрэбнай і нават свяшчэннай прыладай.

“Касі, каса, пакуль раса”, – гэтую прыказку заўсёды любіў паўтараць мой дзед Віктар, які вучыў мяне касіць. Памятаю, як вучыўся гэтаму старажытнаму майстэрству яшчэ будучы школьнікам. Узгадваю, як шукаў любую магчымасць паказаць сябе добрым касцом, каб мяне, нарэшце, узялі на сенакос раЗАм з бацькам, бо толькі дзед меў права вырашаць, хто і на якія працы пойдзе. Дзед заўсёды сур’ёзна ставіўся да майго навучання ўсім прымудрасцям не толькі касьбы, але і іншых важных уменняў, такіх, як хаджэнне за плугам і бараной, вастрэнне касы, сякеры, пілы, шматлікім рэчам, якія неабходны для эфектыўнага кіравання гаспадаркай, каб быць гаспадаром на сваёй зямлі. Дзедава навука і зараз мне дапамагае па жыцці, бо выбар маёй прафесіі рэжысёра народных абрадаў і святаў у многім быў абумоўлены тымі традыцыйнымі каштоўнасцямі маёй сям'і, якія былі закладзены з дзяцінства: беларуская мова, народныя песні, танцы, вышыванкі і старадаўнія стравы, народныя святы, традыцыйная культура ў цэлым.

Вось зусім нядаўна да мяне ў госці, а жыву я ў вёсцы, завітаў тата. Вырашылі адзначыць сустрэчу пакосам травы на маім участку. Сучаснай касы я не маю, а вось традыцыйныя, дзедаўскія захоўваю, яны – 7-ка і 9-ка – перайшлі да мяне ў спадчыну, імі і прыводжу газон да ладу. І вось мы раЗАм з бацькам, як раней у маім юнацтве, заняліся касьбой травы, амаль як апісаў у сваёй легендарнай паэме «Новая зямля» народны паэт Якуб Колас: «Эх, час касьбы, вясёлы час!..». Найлепшага супольнага адпачынку і быць не магло, бацька ў мяне чалавек справы і любіць адпачываць праз працу, дакладней, змены аднаго яе віда на іншы. Карацей, і участак папрыгажэў, і косы не прастойвалі, і фізічна папрацавалі, і ў праекце БРСМ #раЗАмзбацькам такім чынам паўдзельнічалі, бо касьба лепш за любую зарадку, а пасля яшчэ за кубачкам гарбаты пагутарылі на тэму захавання спадчыны, падпісалі паштоўкі са словамі падтрымкі медыкам, абмеркавалі надзённыя пытанні.

Дарэчы, вельмі прыемна, што сярод маіх знаёмых вельмі шмат маладых людзей, якія ўмеюць касіць ручной касой, па-майстэрску валодаюць аўтэнтычнымі інструментамі, прыладамі, захоўваюць памяць, якая, безумоўна, яднае з гісторыяй роднага краю, малой радзімы, дапамагае не забываць, хто мы і адкуль прыйшлі, чаго дасягнулі і, наогул, куды трэба рухацца, каб палепшыць жыццё.

30 чэрвеня 2020г.

Rate this item
(0 votes)
Read 237 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»