20.01.2021

100 ідэй для Беларусі

100 ідэй для Беларусі

«100 ідэй для Беларусі - добрая пляцоўка для моладзі

ў рэалізацыі сваіх ініцыятыў,

магчымасць для раскрыцця ўласнага патэнцыялу

на карысць Бацькаўшчыны».

(З іншфармацыйнага буклета Мінскага АК ГА БРСМ )

Ужо даўно ўзнікала жаданне напісаць пра неверагодна патрэбны, цікавы і ўнікальны праект Саюза моладзі “100 ідэй для Беларусі”, але ўсё неяк не даходзілі рукі. Але сёлета падчас правядзення абласнога этапа і ўбачыўшы там шмат цікавых праектаў, творчых задум і найноўшых распрацовак, вырашыў, што абмінуць немагчыма. Дарэчы, варта адзначыць, што “100 ідэй для Беларусі” – унікальны праект, бо ў ім можа ўдзельнічаць моладзь абсалютна розных адукацыйных узроўняў, маецца на ўвазе школьная, студэнцкая і нават працуючая, вітаюцца на конкурсе магістранты і аспіранты, магістры і кандыдаты, а калі сярод іх будзе дактарант ці малады доктар навук, то яшчэ лепш. Карацей, ёсць з чаго выбраць: ад ідэі – да рэалізацыі. Вось і гэтым разам можна было знайсці ідэю на любы густ ад сацыяльных напрамкаў: праекты, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, папулярызацыю беларускай мовы, гістарычную асвету; заканчваючы бізнес ідэямі: разумнае асвятленне, мабільныя дадаткі, айчынныя аналагі вядомых бытавых і прафесійных прылад і шмат чаго яшчэ не меней важнага для нашай краіны.

Многія магчыма запытаюцца: “Які сэнс удзельнічаць у гэтым конкурсе школьніку альбо прызнанаму навукоўцу?” Адказ вельмі просты. Падчас конкурснай праграмы працуе экспертная камісія, якая складаецца з бізнесменаў, навукоўцаў, чыноўнікаў, людзей, якія маюць магчымасці прасунуць той ці іншы праект далей альбо дапамагчы фінансава. Праект “100 ідэй для Беларусі” з'яўляецца базавым стартапам для развіцця нацыянальнага руху маладых навукоўцаў, вынаходнікаў, рацыяналізатараў. Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну, атрымаць дапамогу ў развіцці і суправаджэнні аўтарскага праекта.

Вось да прыкладу ўзяць навучэнцаў Каладзішчынскай школы Мінскага раёна, якія супольна з педагогам прыдумалі археважны праект па папулярызацыі монавершаў сучасных беларускіх паэтаў. Першапачаткова ў распрацоўцы стаўка рабілася на білборды, але пасля ўдзелу ў конкурсе матэрыяламі зацікавіліся буйныя вытворцы адзення, якія вырашылі, што монавершы будуць файным дадаткам на цішотках і байках. Так, адным з папулярных для выкарыствння стаў монаверш Анатоля Дэбіша: “Тысячу разоў памыляюся, каб памыліцца тысяча першы раз”. Пагадзіцеся, што гэта вельмі актуальна, змястоўна і з густам, што таксама адзначылі і прадстаўнікі паліграфічных, сувенірных паслуг, якія ўбачылі ў монавершах матывацыйны складнік, які мог бы ўпрыгожыць штодзённікі, блакноты, кубкі, календары і г. д. Карацей, праект атрымаў найлепшыя ацэнкі і падтрымку, як і павінна было быць. Іншыя праекты: як прафесіяналаў, так і аматараў, такасама не былі пакінуты без увагі.

Дарэчы, вяртаючыся да тэмы папулярызацыі роднай мовы. Літаральна год таму мая сяброўка з Гомельскай мастацкай вучэльні Юля звярнулася да мяне як да беларускамоўнага першага сакратара абкама БРСМ і папрасіла прагледзець дыпломную работу на тэму вывучэння беларускай мовы для далейшай рэкамендацыі і прасоўвання на рынак, бо ведала, што такі праект будзе цікавы, улічваючы, што гэта быў мабільны дадатак, зроблены з мастацкім густам і прафесійным афармленнем, у прынцыпе інакш і быць не магло, бо гэта ж мастацкая вучэльня. Як зараз памятаю парэкамендаваў ім прыняць удзел у конкурсе 100 ідэй. І вось Юля мне патэліла і сказала, што праект прайшоў на Рэспубліканскі этап і быў вельмі цікавы не толькі экспертнай камісіі, але і ўсім прысутным людзям. Інакш і быць не магло, бо папулярызацыя беларускай мовы найсвяцейшпя справа для любога грамадзяніна нашай краіны і добра, што моладзь прымае ў гэтым самы актыўны ўдзел.

Падсумоўваючы вышэй напісанае, хочацца адзначыць, што конкурс “100 ідэй для Беларусі” – як ужо было адзначана ўнікальны і дае магчымасць моладзі паказаць свой талент на шырокую публіку, знайсці партнёраў і прыцягнуць фінансаванне альбо, як мінімум, паўдзельнічаць і знайсці сяброў і атрымаць новы вопыт, праверыць свае здольнасці і лідарскія якасці, раскрыць патэнцыял, самарэалізавацца ўсім, хто любіць Беларусь і хоча, каб наша краіна жыла і квітнела. Карацей, зычу ўсім удзельнікам поспехаў, здароўя, новых ідэй, веры ў сябе і Беларусь!

20 студзеня 2021 г.

Rate this item
(0 votes)
Read 620 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»