10.04.2020

Касмічная дзяржава

Касмічная дзяржава

"Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла..."

Максім Багдановіч

12 красавіка 1961 года Юрый Гагарын, савецкі касманаўт з беларускімі каранямі, упершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. З таго часу адзначаецца і Дзень касманаўтыкі. Напярэдадні гэтага дня пагаворым пра космас беларусаў.

Беларусь – касмічная дзяржава, і гэта няспрэчны факт. Упэўнены, што кожны ці амаль кожны, хто чытае гэтыя радкі, пра гэта ведае ці хаця б трошачкі чуў пра наш касмічны спадарожнік і пра касманаўтаў, пра ўласныя касмічныя напрацоўкі і праграмы, пра касмічныя музеі, пра космас вачыма нашых мастакоў і пісьменнікаў-фантастаў, дызайнераў і навукоўцаў, астраномаў і астранаўтаў. Сапраўды, нам ёсць пра што сказаць у касмічных даследваннях, распавесці свой погляд, выказаць уласную думку пра іншыя планеты і галактыкі, іншапланецян і спосабы пералётаў.

Пачаць трэба з традыцый, падмурку, генаў, якія дазваляюць нам паспяхова займацца гэтай справай, нашых распрацовак: прататыпу трохступеньчатай ракеты Казіміра Семяновіча, якім упершыню была разгледжана ідэя выкарыстання рэактыўнага руху аж ў 1650 годзе, вынаходніка паліва для ракетных сістэм Барыса Кіта, які ў 1950 годзе выдаў першы ў свеце падручнік па гэтай тэме, распрацовак групай айчынных вучоных некалькіх найважнейшых тэхнічных навінак для касмічнай праграмы СССР. Напрыклад, сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якія ажыццяўлялі аналіз у розных дыяпазонах аптычнага выпраменьвання, оптаэлектронных і радыётэхнічных сістэм траекторных вымярэнняў, фота астранамічных установак і комплексаў, даследаванняў нізкатэмпературнай плазмы, стварэння абшыўкі касмічных караблёў, якая да гэтага часу робіцца на аснове тэхналогій, распрацаваных навукоўцамі беларускага Інстытута цепла- і масаабмену, запуску са студзеня 2016 году першага беларускага камунікацыйнага спадарожніка «Белінтэрсат-1». Правядзення ў 2018 годзе ў Мінску 31-ага міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што Беларусь мае шмат касмічных напрацовак і займае пачэснае месца сярод буйных касмічных дзяржаў, такіх як Расія, Амерыка, Кітай.

Калі казаць пра касманаўтаў, то варта ведаць пра палёты Пятра Клімука у 1973 і 1975 гадах, дарэчы, ён пра іх напісаў кнігу «Зоры – побач. Кніга аднаго палёту». Тройчы бываў у космасе наш Уладзімір Кавалёнак (1977, 1978, 1981), які ўзначальвае Беларускую федэрацыю касманаўтыкі, да ёсць у нас і такое аб’яднанне, дарэчы, з 2012 года нашу краіну ў космасе прадстаўляе Уладзімір Навіцкі.

У год малой радзімы хочацца трошачкі распавесці пра музей космасу Уладзіміра Кавалёнка ў Хацюхоўскай школе Крупскага раёна, які мне пашанцавала наведаць. Па-першае, для мяне гэта быў гонар, бо мае продкі па матчынай лініі з вёскі Буда, што па-суседству з вёскай касманаўта, а, па-другое, прозвішча майго дзеда, і адпаведна дзявочае прозвішча маці, таксама Кавалёнак, што не азначае сваяцтва, але падкрэслівае прыналежнасць да тых мясцін. Гэта быў уступ, а цяпер пра сам музей, які, насамрэч, невялічкі, бо займае адзін пакой, але вельмі яскрава распавядае пра шлях нашага касманаўта. Экспанатаў не шмат, але экскурсаводы, ролю якіх выконваюць школьнікі, распавядаюць вельмі багата цікавых фактаў і перадаюць добрыя эмоцыі пра свайго земляка, з вялікім інтарэсам вывучаюць яго дзейнасць і дораць наведвальнікам значна больш, чым проста экскурсію, а гэта дарагога варта, бо добрае ўражанне мацней за самыя дарагія экспазіцыі, якія бачыў я, калі быў у касмічным павільёне ВДНГ у Маскве.

Космас у нас праяўляецца паўсюль: у творчасці Язэпа Драздовіча, які ў 1931 годзе выдаў кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і вярчэнне Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы». У літарутурнай фантастычнай прозе – узгадаць хаця б Янку Маўра «Вандраванне па зорках» (1927г.), кнігу Міколы Гамолка «Шосты акіян», якая выйшла ў 1959 годзе; аповесць “Марсіянскае падарожжа” (1990г.), якую напісаў вельмі цікавы і моцны аўтар Васіль Гігевіч; «Дзеці зорак» (2009) Алеся Аляшкевіча. Гэтыя кнігі я прачытаў за два дні, бо было не адарвацца.

Беларусы любяць космас, што бачна па вядомай і ўсімі любімай дзіцячай перадачы з 90-х пра іншапланецяніна Пацу-Вацу з Альфа-цэнтаўры, які, між іншым, размаўляў па-беларуску, па модных майках “Паца-Ваца – герой майго часу”, якія сёння карыстаюцца попытам, і не толькі яны, а і такія як “Беларусь – наш космас” ці калекцыя прынтоў пра “Зорныя войны”, але на беларускі манер. Па гадзінніках на касмічную тэматыку, але з айчынным каларытам, напрыклад, па гадзінніку, які прысвечаны Язэпу Драздовічу ці вершу “Зорка Венера” Максіма Багдановіча, на якія сапраўды ёсць попыт. Папулярныя песні “Касманаўты”, “Гагарын” гурта “Нэйра Дзюбель”, якія любіць моладзь. Планетарыі, кінатэатры з такой назвай, нават імёны на касмічную тэматыку ёсць у беларусаў. І гэта не з-за серыялу “Брыгада”, а як распавёў мне мой сябар, якога так і завуць па жыцці і па пашпарце, своеасаблівая падзяка суайчыннікам, якія прыкладваюць максімум намаганняў па даследаванні космасу.

Пасля ўсяго сказанага відавочна, што беларускі космас – гэта не навеяна модай і часам, а мэтанакіраванае развіццё і імкненне нашага народу да спазнання новага і ўмацавання Рэспублікі Беларусь.

Усіх са святам – Днём касманаўтыкі! Ура!

12 красавіка 2020 г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 433 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»