03.07.2019

Жыць у сваёй Айчыне

Жыць у сваёй Айчыне

Ад прадзедаў спакон вякоў
мне засталася спадчына…
Янка Купала

Дзень Незалежнасці - гэта галоўнае свята для любой краіны, якое звычайна прымеркавана да даты заснавання дзяржавы, выхаду з-пад акупацыі, значнай вайсковай перамогі і іншых важных падзей. У нашых суседзяў з Расii – гэты дзень зацверджаны 12 ліпеня і прымеркаваны да даты падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе, на Украіне свята адзначаецца 24 жніўня - у гонар Акта аб прыняцці Незалежнасці ў тым жа 1990 годзе, Літва адзначае ажно два галоўных свята, але аб’яднаных адной ідэяй: Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы – 16 лютага, калі ў 1918 годзе была абвешчана дзяржава Літва, і Дзень аднаўлення незалежнасці – 11 сакавіка, дата падпісання Акта аб прыняцці Незалежнасці ў 1990 годзе. Латвія адзначае дату 18 лістапада, калі ўпершыню за ўсю гісторыю ў 1918 годзе яна стала незалежнай парламенцкай рэспублікай. Свята Незалежнасці ў Злучаных Штатах Амерыкі святкуецца 4 ліпеня ў дзень прыняцця Дэкларацыі незалежнасці ЗША ў 1776 годзе, якая абвяшчае незалежнасць ЗША ад Каралеўства Вялікабрытаніі. Дата нашага свята Незалежнасці (Дня Рэспублікі), 3 ліпеня, мае не менш глыбокі сэнс і прымеркавана да дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, згодна плану якіх мы павінны былі згінуць, нас хацелі знішчыць як нацыю. Выжыць у тыя невыжывальныя часы і захаваць свой народ і краіну – ёсць сапраўдная Незалежнасць, якая ўключае ў сябе і Акты аб суверэнітэце, і Устаўныя граматы, і Маніфесты, і ўвесь наш беларускі род.

Але ўсё ж такі: што такое Незалежнасць, і якія каноны яна ў сабе тоіць? Паспрабуем распавесці больш падрабязна. Незалежнасць – гэта паняцце зборнае, агульнае, грунтоўнае. Незалежнасць – гэта і тысячагадовая гісторыя Беларусі, якая у нас пачынаецца аж ад Полацкага княства, а мо і раней. Гэта нашы традыцыі, святы, абрады, арнаментальная моц, магутнасць, занатаваная ў вобразах, кодах, жывапісе, музыцы, паэзіі, слове, манументальнае і выяўленчае мастацва, рэлігія, адукацыя, унікальная і непаўторная культура. Абавязкова незалежнасць – гэта родная беларуская мова, якая з’яўляецца нацыянальным маркерам, ідэнтэфікатарам нашай краіны, з яе адметным гучаннем, спеўнасцю і мяккасцю. Незалежнасць – гэта нашае, а не чужое войска, тэрыторыя, на якой мы здольныя жыць па тых правілах, якія лічым найбольш аптымальнымі менавіта для нас, згодна айчыннай традыцыі. Як адзначыў Леў Сапега: “Няма большай асалоды для чалавека, як жыць у сваёй Айчыне ў поўнай бяспецы, ні з кім не біцца і не сварыцца і каб ніхто яго не зняславіў ці пакалечыў або паквапіўся на яго дабро”.

Дзень Незалежнасці асабіста для мяне – гэта напамін аб фундаментальных каштоўнасцях беларусаў, стварэнне дзяржавы, якой намагаліся многія пакаленні нашых продкаў. Магчымасць жыць у краіне, дзе нарадзіўся і вырас, размаўляць на роднай мове, адзначаць святы, выбіраць і быць выбраным, быць здольным зрабіць хаця б невялікі ўнёсак у развіццё Беларусі, адчуваць сябе гаспадаром на ўласнай зямлі.

Падсумоўваючы вышэй напісанае, варта дадаць, што адзначаць свой, а не чужы Дзень Незалежнасці, – гэта найвялікшае шчасце для кожнага беларуса.

03 ліпеня 2019

 

Rate this item
(0 votes)
Read 1829 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»