08.08.2019

Дом культуры

Дом культуры

Клуб – гэта «камутатар»,

«збіральнік» ініцыятывы

і нефармальнай самадзейнасці,

месца сумеснага адпачынку людзей,

заснаванага на актыўнай дзейнасці.

Каралькова Л.В.

Нагодай для напісання артыкула стаў чарговы продаж на аўкцыёне былога Дома культуры. Мне здавалася, што я ўжо звыкнуўся з тым, што ўстановы клубнага тыпу зачыняюцца, прадаюцца, перапрафілююцца, што ў будынках былых устаноў культуры з’яляюцца гандлёвыя цэнтры, офісы, крамы, склады, міні-фабрыкі і іншыя не менш важныя для забеспячэння жыццядзейнасці людзей прадпрыемствы. Але ўлічваючы той фактар, што пішу гэтыя радкі, змірыцца з гэтай з’явай сучаснасці (як колішняму дырэктару Дома культуры, які ведае сутнасць з’явы) не атрымліваецца, а мабыць і не варта. Чым Дом культуры ўнікальны і якую важную функцыю ў сабе тоіць у ХХІ ст.? Нажаль, парою не могуць адказаць і самі работнікі культуры, якія працуюць яшчэ па старынцы, не зацікаўліваюць сваёй дзейнасцю жыхароў тых ці іншых мясцовасцей, а потым скардзяцца, што іх праца нікому не патрэбна, а людзі, што ўстанова культуры нічога не робіць. Але паспрабуем усё ж такі разабрацца, што такое Дом культуры і чым ён адрозніваецца ад канцэртнай залы, начнога клуба і іншых забаўляльных і на першы погляд падобных устаноў.

Пачнем з таго, што гэта шматфункцыянальная, комплексная ўстанова культуры клубнага тыпу. Да клубных устаноў адносяцца і маленькія клубы, і вялікія Палацы, і Дамы культуры. Даследчыца Макарава А.А. адзначае, што “клубныя ўстановы – гэта агульнадаступны, гуманістычна арыентаваны інстытут, які праецыруе ў жыццё сацыяльна-культурныя працэсы ў сферы вольнага часу. Надае ім арганізаваны характар і сацыяльна-выхаваўчую скіраванасць”. Клубныя ўстановы арганізоўваюць святы рознай накіраванасці, што абумоўлена сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, якія адбываюцца ў сучасным грамадстве.

Сёння існуе шмат падыходаў да тыпалогіі форм святочнай дзейнасці, праграм вольнага часу, якія яны ладзяць, але ў іх абавязкова закладзены такія прыкметы, як змест і драматургічная пабудова, а таксама сродкі выразнасці. Рэктар БДУ культуры і мастацтваў А.А. Мышкавец адзначае, што “функцыянаванне клубных устаноў заснавана на актыўнай сацыяльна-культурнай дзейнасці наведавальнікаў, такія ўстановы не з’яўляюцца «пасіўнымі» каналамі трансляцыі, а ствараюць умовы для праяўлення і арганізацыі культурнай актыўнасці індывідаў, сацыяльных груп, якія выступаюць тут як суб’екты дзейнасці”. З упэўненасцю можна сказаць, што сёння пры добрай працы клубная ўстанова можа аднаўляць гістарычную пераемнасць народнай культуры на глебе рэгіянальных традыцый, папулярызаваць усе асноўныя святы каляндарнага цыкла. З мэтай шырокай прапаганды захавання і развіцця сямейных народных традыцый ладзіць шматлікія фестывалі, конкурсы, прыцягваць дзяцей і моладзь да сферы традыцыйнай культуры, народнай творчасці, падтрымліваць фальклорныя рухі, арганізоўваць ваенна-патрыятычныя фестывалі і конкурсы, мерапрыемствы, прысвечаныя перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, памяці вайны ў Афганістане, мясцовыя фестывалі мастацкай самадзейнасці, гульнёвыя праграмы, развіваць эстраднае вакальнае і харэаграфічнае мастацтава, адкрываць шматлікія гурткі і інш. У шматлікіх установах культуры так і адбываецца, таму пра іх ведаюць, цэняць і ніколі не прададуць з аўкцыёну, хіба толькі пабудаваўшы новы, больш сучасны, адпаведны часу будынак.

Адным словам, з вышэйпералічанага бачна, што сацыяльная функцыя, якую выконвае Дом культуры, неабходная, яе не падмяніць толькі дыскатэкамі ці канцэртамі, бо ва ўсім патрэбна сістэмная праца, а значыцца і зачыняць такія ўстановы не варта, бо абавязкова ўзнікне патрэба, асабліва з павелічэннем насельніцтва, у іх адкрыцці наноў, зноў прыйдзецца напрацоўваць базу для работы, выдаткоўваць фінансаванне, аднаўляць традыцыю існавання такой установы. Варта захоўваць ужо існуючыя ўстановы, калі канешне яны ў прыгодным стане і ў рэгіёне пражывае дастатковая колькасць насельніцтва, падтрымліваць супрацоўнікаў культуры, і ўсё будзе добра.

08 жніўня 2019г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1757 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»