27.08.2019

У школу з добрым сэрцам

У школу з добрым сэрцам

"Рабі дабро! Хоць нават коштам

Апошніх сіл, апошніх мук.

І не пытай: каму? завошта?

Рабі - без просьбаў і прынук!"

Ніл Гілевіч

У Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ёсць найцудоўнейшая акцыя пад назвай “У школу з добрым сэрцам”, у рамках якой моладзь арганізуе збор школьнага адзення і абутку, канцылярскіх прыналежнасцяў, навучальных дапаможнікаў, спартыўных тавараў і іншых рэчаў, праводзіць валанцёрскія мерапрыемствы з наступнай перадачай заробленых грошай дзецям з сем'яў, якім патрэбна дапамога для падрыхтоўкі да навучальнага года. Вельмі добра, што гэта акцыя аб’ядноўвае неабыякавых людзей: не толькі тых, хто збірае, але і тых, хто ахвяруе і прымае сабраныя рэчы ў дар. Чаму гэта важна і які глыбінны сэнс тоіць у сабе акцыя напярэдадні новага навучальнага года, паспрабуем разабрацца.

Умець ахвяраваць, адрываць ад сябе, дапамагаць іншым, а не крытыкаваць іх за тое, чаму яны такія бедныя і самі ва ўсім вінаватыя – гэта найвышэйшы ўзровень чалавека, бо пагадзіцеся, што дапамагаючы іншым, мы аддаем частку сябе, дзелімся, часта за кошт уласных абмежаванняў, а гэта не заўсёды проста, бо калі вы не з’яўляецеся багацеем, алігархам, карацей вельмі заможным чалавекам, то разумееце, што любая капейка спатрэбілася б ці вам асабіста, ці магла быць выдаткавана на вашую сям’ю. У той жа момант, кожны з нас робіць свой выбар: з’есці менш цукерак, набыць менш адзення, не схадзіць у кафэ, альбо дапамагчы тым, каму неабходны ваш унёсак, і не важна, па якой прычыне чалавек апынуўся ў складанай фінансавай сітуацыі, няхай гэта застанецца ягонай гісторыяй. Як сказаў класік Уладзімір Караткевіч: “Тваё толькі тое, што ты аддаў”, - і з гэтым нельга не пагадзіцца. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі матэрыяльных рэчаў, але і духоўных, бо моладзь, якая арганізуе збор і перадачу неабходных тавараў адрасатам, ахвяруе сваім часам, робіць фізічныя намаганні, якія патрабуюць каласальнай траты энергіі, але, як любая добрая справа, яна нас абагачае духоўна, а гэта дарагога варта. І не важна, які вы маеце сацыяльны статус, бо дапамагчы пайсці вучыцца першакласніку ці больш старэйшаму школьніку – гэта актуальна, бо менавіта ад гэтага ўчынка закладаецца менталітэт патрыёта і грамадзяніна.

Важны факт заключаецца ў тым, што ўмець прымаць дапамогу - таксама не проста. Адчуць сябе ў грамадстве сваім, не абмежаваным, мець магчымасць маляваць у альбомах і пісаць у сшытках, дзяліцца каляровай крэйдай і асадкамі, насіць розныя сарочкі і сукенкі, дапамагаць іншым. Не ўсе гатовы прызнаваць сваю складаную сітуацыю, саромяцца таго, што ім гатовы працягнуць руку, не вераць у дабрыню памкненняў валанцёраў.

Таму гэта не проста з “добрым сэрцам” накіроўваць у школу. Але ўсё залежыць выключна ад нас саміх, разам мы здольныя на шматлікія добрыя справы. Ксёндз Адам Станкевіч падкрэсліў, што чалавек, які сапраўды любіць свайго бліжняга, мае ўважнае вока на яго патрэбы.

Падводзячы вынік, хачу адзначыць, што за час існавання акцыі ўсе школьнікі, якім дапамаглі, засталіся вельмі ўдзячнымі, многія ўжо падраслі і самі імкнуцца дапамагаць іншым. Сабраць у школу з добрым сэрцам – гэта не проста акцыя, гэта выратавальны круг для многіх сем’яў, напрамак таго, што ў гэтым свеце заўсёды застаецца месца для цудаў. А калі браць больш глыбока, то накіроўваючы дзяцей вучыцца, праз матэрыяльнае мы закладаем і іншныя фундаментальныя асновы, такія як любоў да Радзімы, адсюль - і да бацькоў, сям’і, павагу да родных сімвалаў і культуры, традыцый і мовы, уменне быць чыстымі душой і сапраўды добрымі сэрцам. Таму варта памятаць, што ўсе рэчы, якія мы збіраем, не толькі спрыяюць навучанню ў школах, але і дапамагаюць нам “людзьмі звацца”, абагачаюць духоўна, не даюць забыць свае традыцыі, культуру.

Пасляслоўе

На мой погляд у школу з добрым сэрцам – гэта яшчэ і ў школу з беларускай мовай навучання, дзякуй Богу, у нас для гэтага ёсць усе магчымасці, а дзяржавай створаны ўсе ўмовы, усё залежыць ад нас саміх. Але неабходна ведаць, што толькі тады дзіця будзе знаходзіцца ў гармоніі з самім сабою, калі будзе сытае, адзетае, мець школьныя прыналежнасці і мець магчымасць вучыцца на сваёй мове, бо як адзначыў стваральнік першай граматыкі для школ Браніслаў Тарашкевіч: “Народ без школы ў роднай мове дзічэе”. Таму выбар застаецца за намі.

27 жніўня 2019г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1785 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»