30.09.2019

Шанаваць традыцыі

Шанаваць традыцыі

Фальклор — народныя веды,

народная мудрасць.

Нагодай для напісання артыкула стала выданне зборніку фальклору “Што ў Неглюбцы й у сяле”, які зрабіла мая добрая сяброўка і вядомая фалькларыстка Ірына Глушэц. Кніга дарэчы ўтрымлівае фрагменты гутарак з жыхарамі аг. Неглюбка, тэксты духоўных вершаў, абрадавых і пазаабрадавых песень, прыпевак, слоўнік мясцовай гаворкі. Вельмі ўдзячны Ірыне за тую справу, якую яна робіць для Беларусі, працягвае збіраць і папулярызаваць традыцыі нашых продкаў рознымі спосабамі: праз музычны гурт “Ягорава гара”, праз народныя танцавальныя клубы, кнігі і сваю актыўную дзейнасць. Памятаю, як аднойчы яна праводзіла майстар-клас па гомельскіх народных танцах у г. Мінску ў ДК Шарко, падзея была каласальная, эмоцыі ліліся цераз край. Атрыманыя веды пасля паклаліся ў аснову адноўленага абраду “Провады ў войска”, які мы зрабілі разам са студэнтамі кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА “БДУКМ”.

Хочацца ўзгадаць і практыку, калі ў 2006 годзе яшчэ студэнтам разам з Уладзімірам Багданавым ездзілі па заданні кафедры і асабіста Пятра Адамавіча Гуда збіраць фальклор, што аказалася вельмі цікава, захапляльна і даволі складана, бо ніхто нічога не ведае, а калі і ведае, то не тая пара, ці настрой, ці яшчэ якая трасца. Карацей, справа была ў Бярэзінскім раёне ў вёсцы Вішэўка і бліжэйшых да яе населеных пунктах. Каля тыдня мы калясілі па вёсках і шукалі жыхароў, якія што-небудзь могуць распавесці, праспяваць, ці паказаць народныя вырабы, ткацтва і інш. Знайшлі нават жыхарку, якой было 102 гады, але яна ўжо нічога нам не распавяла. Як нам паведамілі, год таму яшчэ спявала, а зараз сілы не тыя. Даведаліся, што камеру ніколі выключаць нельга, бо ў любы момант што-небудзь можна пачуць: прымаўкі, прыпеўкі ці яшчэ што іншае і карыснае. Запісалі ў той экспедыцыі прыкладна 10 песень, некалькі прыказак, пафоткалі ткацтва і нават пабывалі на свяце ў мясцовым клубе. Фальклор, які мы занатавалі, адлюстроўваў не толькі творчы складнік, але і мясцовы ўклад, сціпласць і пэўныя дыялогі жыхароў, ката, які круціўся, гаспадара, які казаў, што шмат спраў, частку традыцыі і гісторыі. У той экспедыцыі, мы запісалі і фрагменты пасляваеннага фальклору і старадаўняй песні “За туманам”. Ужо пасля завяршэння вучобы падчас працы ў Чаркаскім сельскім Доме культуры, прымяніў веды ў гэтым накірунку, каб аднавіць усе традцыйныя святы на мясцовым, рэгіянальным матэрыяле. Апрацаваў запісы зробленыя на пачатку 90-х Янінай Канстанцінаўнай Ермаловіч, для прымянення ў працы, а пасля, дзякуючы маёй сяброўцы і фалькларысткі Лідзіі Бохан, нават выдалі зборнік, праўда самаробны і абмежаваным накладам, але карысны і з дыскам арыгінальных запісаў у камплекце. Варта адзначыць, што апрацоўкай запісаў займаўся вядомы музыка, калекцыянер гармонікаў Міхаіл Слізкі.

Прыемна, што калісьці атрымалася паспрабаваць сябе ў ролі збіральніка фальклору, незабыўны і вельмі карысны вопыт, які акрамя таго, што мае заўсёды практычнае прымяненне, дапамагае шанаваць гісторыю, людзей, традыцыі і краіну ў якой жывеш.

30 верасня 2019г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1740 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»