Print this page
20.10.2020

Канстытуцыя пачынаецца з мовы

Канстытуцыя пачынаецца з мовы

Радзіма пачуе!

Радзіма пазнае!

Аляксандр Кулінковіч

(урывак з песні «Край»)

Ужо апошнія некалькі год вышэйшым кіраўніцтвам Рэспублікі вядзецца гаворка пра змены ў Канстытуцыі, але сёння да гэтага пытання падыйшлі надзвычай сур'ёзна, што пацвярджае і палітычная сітуацыя, якая склалася ў нашай краіне, і збор прапаноў, ініцыяваны Парламентам, і шмат іншых заяў розных палітычных і грамадскіх дзеячаў, якія ў тым ліку прануюць вяртанне да Канстытуцыі 1994 г. Улічваючы грамадска-палітычны характар блогу, абыйсці гэтае пытанне не маю права, бо працуючы больш дзесяці гадоў у дзяржаўнай сістэме на розных пасадах, у тым ліку кіруючых, будучы дэпутатам мясцовых Саветаў, членам аблвыканкама, актыўным удзельнікам розных грамадскіх арганізацый, грунтуючыся на гэтым вопыце, хачу падзяліцца ў даступнай форме ўласнымі думкамі па ўдасканаленні вышэйшага закону Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя, як і дзяржаўнасць, пачынаеццца з мовы, таму адзін з галоўных пунктаў – гэта вяртанне да адзінай беларускай мовы, як гэта і было ў першай рэдакцыі 1994 году. Час пацвердзіў абсурднасць пункту, што дзяржаўнымі з'яўляюцца дзве мовы: беларуская і руская. Людзі не ўспрымаюць рускую, як мову нацыі, толькі як мову каланізатараў альбо другую замежную, альбо адну з міжнародных. Пісаць законы, дакументы, шыльды і інш. на дзвюх мовах вельмі дорага, што Парламент і прызнаў, ды і не патрэбна, бо, як паказвае практыка, усё, што напісана на рускай мове, мае ніжэйшую вартасць, другасную, бо руская – усяго толькі прыроўненая да нацыянальнай, штучная, мова суседняй дзяржавы, якая асацыіруецца ў большасці з яе навязваннем нам акупацыйнымі ўладамі Расійскай Імперыі, у часы, калі беларуская мова была забаронена, а нашы землі былі захоплены і называліся ворагамі беларушчыны «северо-западным краем». У Канстытуцыі 94 году, было прапісана, што руская мае статус міжнацыянальных зносін, лічу гэтую прыпіску наогул абсурднай, бо кожны ў сваёй сям'і, і не толькі, можа размаўляць на любой замежнай мове, гэта пытанне палягае ў плоскасці закона аб мовах. Бясплатна працаваць на культуру іншай дзяржавы – гэта адбіраць у саміх сябе, нават аббіраць сябе. Таму з гэтай практыкай трэба закончыць і заявіць на ўвесь свет, што мы – нацыя, і ў нас ёсць свая мова, якую мы гатовы бараніць. Як напісаў Народны паэт Ніл Гілевіч, ён жа дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання: «А задумае вораг з далёкага краю. Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю – Не дазволю. Не дам. Не прадам. Не змяняю. І да смерці за волю тваю пастаю!» Вяртанне да адзінай дзяржаўнай беларускай мовы – гэта крок да моцнай Беларусі, пра што я неаднойчы выказваўся ў папярэдніх артыкулах.

Таксама варта звярнуць увагу і на тэратырыальна-адміністрацыйнае дзяленне. Час прыспеў да новага яго пераасэнсавання. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць аператыўнае кіраванне на любой адлегласці, таму вартым было б скараціць такую адзінку, як вобласць. Упершыню пачуў гэтую думку на лекцыі прафесара Мікалая К., калі вучыўся ў магістратуры, але тады не прыдаў гэтаму значэння, бо ніяк не быў практычна звязаны з работай у дзяржаўных органах на раённым і абласным узроўнях. Цяпер, прайшоўшы шлях Фаніпалскага сельскага і Дзяржынскага раённага дэпутата, члена Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, разумею, пра што казаў прафесар. Стаўку трэба зрабіць на ўмацаванне рэгіёнаў, узмацніць іх, аб'яднаўшы некалькі ў адзін, напрыклад, Узду з Дзяржынскам, ці Вілейку з Мядзелам, Стоўбцы з Нясвіжам і гэтак далей. Зараз, у прынцыпе, многія маленькія рэгіёны адміністрацыйна ўжо злучаны. Так, Уздзенскі раён кіруецца поштай Дзяржынскага, тое самае і з ваенкаматам, і іншымі важнымі ўстановамі. Але гаворка не пра гэта. Раней вобласці ствараліся, каб аператыўней вырашаць пытанні і мець жорсткую іерархію кіравання, дадатковы фільтр выканання рашэнняў кіруючай эліты. Цяпер, у тэхналагічны век, гэта не мае значэння. Наадварот, гэта адкідае развіццё рэгіёнаў і краіны ў мінулае. Таму перафарматаванне структуры наспела. Самае галоўнае, каб аб'яднаныя рэгіёны мелі паўнамоцтвы, якія зараз мае вобласць. Чаму гэта важна? Па-першае, гэта пакідае значныя грошы ў рэгіёне, якому трэба пералічыць фінансы толькі ў цэнтр, па другое, робіцца менш кіруючых структур, якія ў наш высокахуткасны час тармозяць рашэнні, па – трэцяе, такая структура дае больш магчымасцяў да самакіравання і развіцця рэгіёна, што абавязкова дадасць адказнасці чыноўнікам, але ў той жа момант падзеліць адказнасць паміж жыхарамі, якія актыўней будуць удзельнічасць у дзяржаўным будаўніцтве, што ў выніку здыме шэраг пытанняў па сацыяльным развіцці і не толькі. Улічваючы новую тэратэрыяльную структуру, трэба стварыць адміністрацыі па прынцыпе буйных гарадоў, скараціць мясцовых сельскіх і абласных дэпутатаў, а пакінуць толькі раённых ці рэгіянальных, адпаведна надаўшы ім новыя большыя паўнамоцтвы. Што тычыцца Парламента, то ён мусіць быць сфарміраваны на аснове мажарэтарна-прапарцыянальнай. Трэба пачаць развіццё партыйнай сістэмы, якая прадставіць розныя пункты гледжання і палітычныя погляды, што знізіць канфрантацыю ў грамадстве і дапаможа пачуць кожнага. Фарміраваннем ураду павінна займацца партыя большасці, а Прэзідэнт, адпаведна, павінен перадаць большасць сваіх функцый Парламенту. Абмежаванне тэрміна прэзідэнтцтва да двух разоў – неабходная ўмова, як і рэальны падзел уладаў. Кожны павінен працаваць у межах сваёй кампетэнцыі. Па факце, Парламенцска-Прэзідэнцкая Рэспубліка ў сукупнасці з новым тэрытарыяльна-адміністрацыйным дзяленнем – гэта другі крок да моцнай Беларусі.

На што яшчэ варта звярнуць увагу? Мяркую, на назвы, рангі, класы, якія варта прывесці да нацыянальных. Напрыклад, за многія гады слова “старшыня” і “выканаўчы камітэт”, так і не прыжыліся. У народзе выканкам называюць “Белым домам”, на амерыканскі манер, што падкрэслівае тое, што людзі прагнуць адпаведнай уласнай назвы нацыянальнага кшталту. Чыноўнікі любяць называць старшыню вобласці губернатарам, а людзі старшыню г. Мінска і іншых гарадоў – мэрам, што не адпавядае рэальнасці. Людзі ж слова “губернатар” не любяць, яно ў іх асацыіруецца з акупацыйнай уладай часоў генерал-губернатара Мураўёва (вешальніка) і губернямі Расіі, да якіх дачынення ніхто мець не хоча. Таму губернатар у нашай гісторыі мае адмоўнае значэнне, варожае ўсяму беларускаму і павінна быць выкаранена з ужытку, але для гэтага яго трэба замяніць нацыянальным адпаведнікам, на аснове традыцый беларускай культуры. Змена назваў органаў улады на аснове нацыянальнага падыходу – гэта трэці крок да моцнай Беларусі.

Што тычыцца пэўных абсурдных прапаноў па замацаванні статусу шлюбу, што гэта саюз мужчыны і жанчыны, то лічу, як і сказаў, гэта абсурдам. Такія рэчы грунтуюцца выключна на традыцыі, якая ў беларусаў не прадугледжвае іншага. Калі мы будзем прытрымлівацца ўласнай культуры, свайго ідэнтыфікацыйна коду і ніколі не забываць, што мы – беларусы, тады ўсё будзе добра.

Падсумоўваючы вышэй напісанае, неабходна адзначыць, што змены ў Канстытуцыі – гэта тэма для разважанняў. Усё пералічанае – гэта думкі ўслых, якія не закранаюць усю палітру новых дапаўненняў і змяненняў у дзеючы закон і не з'яўляюцца афіцыйным дакументам, прадастаўленным парламентарыям.

На завяршэнні хачу адзначыць, што традыцыя стварэння асноўнага закона ў нас даўняя і пачынаецца ад Статута ВКЛ (апошняя рэд. 1588 г.), часовай Канстытуцыі БНР (1918 г.), Канстытуцыя БССР (1919 г.), Рэспублікі Беларусь (1994 г.). Галоўнае, каб асноўны закон адпавядаў айчыннай традыцыі, беларускаму культурнаму коду і бараніў нашыя правы і інтарэсы.

Завершу словамі бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржавы, якія гучалі скрозь кожны радок Устаўной граматы Беларускай народнай рэспублікі 1918 г., Маніфеста Савецкай Беларусі 1919 г., дэкларацыі Незалежнасці суверэннай Рэспублікі Беларусь у 1991 г.

Няхай жыве вольная Беларусь!

20 кастрычніка 2020 г.

Rate this item
(0 votes)
Read 858 times
Login to post comments