20.02.2019

Cтанцыя «Беларусь»

Cтанцыя «Беларусь»

Чую тваю жаўруковую музыку

У скошаных травах мурожных,

Мова! Як сонца маё

Беларускае,

Ты свецішся словам кожным.

Яўгенія Янішчыц

Мова – гэта падарунак Бога любой нацыі, цуд, шэдэўр, генетычны код. Гэта спалучэнне адметнай культуры, музыка, погляд, пункт гледжання, абарончы мур, ці рэйкі, як на чыгунцы, па якіх мы рухаемся, калі паглядзець у далячыню, то гэта відавочны і неаспрэчны факт. Адразу ўзгадваецца знакамітая Алаіза Пашкевіч (Цётка): “Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць”. З выказвання становіцца зразумела, вось яна аснова нацыі, каштоўны элемент, якое вылучае, злучае і робіць унікальным кожнага, хто жыве на гэтай зямлі. Словы, гукі, маўленне – скарб, які ніхто не павінен ў нас адабраць, бо разам з мовай знікне і душа, а значыцца - і мы, бо беларуская мова – гэта геніяльны твор нашага народу, які пісаўся не адно стагоддзе і пакаленне, які працягвае развівацца і ўдасканальвацца, жывы арганізм, неад’емная, неўміручая частка кожнага беларуса, пра што мы, нажаль, часта забываем.

Аднойчы ў грамадскім транспарце падчас размовы дваіх таварышаў, якія сядзелі побач са мной, давялося пачуць такую фразу ад аднаго з іх: “Для чаго нам размаўляць па-беларуску, што мне дае мова, лепш вывучыць ангельскую, ці нямецкую?”. Між іншым мяне вельмі гэта здзівіла, нават збянтэжыла, абурыла, бо ніякай логікі ў суразмоўніка не было, ён ніколі не задумваўся пра тое, для чаго французы размаўляюць па-французку, рускія па-руску, палякі па-польску, працягваць можна бясконца і мабыць не здагадваўся пра той аспект, што можна, а мо і варта валодаць некалькімі мовамі, але найперш карыстацца сваёй. Я нават вырашыў заступіцца, абараніць беларускую мову, але не паспеў, бо, дзякуй Богу, у нас шмат неабыякавых людзей да гэтай тэмы, іншыя пасажыры электрычкі ўжо гэта зрабілі за мяне, распавялі, што мова гэта наш здабытак, нематэрыяльная каштоўнасць і невымяральнае багацце нашай краіны, прывялі шмат розных доказаў, прыкладаў, дарэчы на чысцюткай мове, што сустрэла станоўчую рэакцыю ўсіх, хто ехаў з намі да станцыі “Беларусь”, на якой я выходзіў, мяне дарэчы ўзяў гонар за сваіх суграмадзян, а ў чалавека, які не ведаў, для чаго яму беларуская, матчына мова, больш такіх думак не ўзнікала (і спадзяюся не ўзнікне), наадварот, як ён пасля выказаўся, дзякуючы гэтаму выпадку, адчуў смак і прыгажосць роднай мовы.

Асабіста для мяне размаўляць па-беларуску, думаць, ствараць, працаваць – гэта тое самае, што жыць. Мова – гэта значная частка мяне, майго светапогляду, нават светапогляд, бо гэта жывая гісторыя Беларусі, кожная літара, словазлучэнне, выраз пра гэта сведчыць і распавядае. І калі мы страцім мову, то забудзем і нашу гісторыю, і менавіта таму у нас не будзе будучыні. Як сказаў Францішак Багушэвіч у прадмове да свайго зборніка вершаў “Дудка беларуская”: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, мова і ёсць адзежа душы”.

Таму размаўляйце, пішыце, думайце, чытайце, вучыцеся і вучыце па-беларуску, памятайце, хто мы, і канешне не забывайце і заўсёды пазначайце, што наша родная мова – беларуская!

21 лютага 2019г.

Rate this item
(0 votes)
Read 1980 times

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2019 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»