09.07.2020

Дзень вышыванкі

Дзень вышыванкі

Я помню з маленства магiчныя знакi,
Ад буры, пажару, вады i маланкi
Ахоўвалi стрэхi, о крыжы-абярэгi.

Znich

Арнамент – гэта графічнае выяўленне душы народу, яго сутнасці, генетычны код, формула жыцця, перададзеная продкамі нам у спадчыну дзеля нашай з вамі будучыні. Гэтымі словамі я падпісаў сваё сэлфі ў вышыванцы зробленае для адмысловага конкурсу ў 2019 годзе. Дзень вышыванкі ўжо шмат год уваходзіць у святочны каляндар беларусаў. Чым адметнае гэтае свята, і як яно ўзнікла паспрабуем умясціціць у сціплыя 612 слоў дадзенага тэксту. Калі паглыбіцца ў гісторыю стварэння Дня вышыванкі, то пачатак варта шукаць у нашых суседзяў украінцаў, якія пачалі адзначаць яго яшчэ ў 2006 годзе, да нас свята прыйшло ў 2014 годзе, але сапраўды рэспубліканскі маштаб і традыцыю адзначаць яго 2 ліпеня напярэдадні Дня Незалежнасці, займела ў 2016 годзе, калі арганізацыяй Дня вышыванкі заняўся БРСМ. Карацей, гісторыя свята налічвае 6 гадоў, але традыцыя значна больш доўгая. Свята – гэта заўсёды вынік пэўных ідэй, культурных кодаў, якія папулярныя ў грамадстве. Калі казаць пра вышыванку, то яна была папулярная і ў часы БССР і 90-ыя і 2000-ыя, а цяпер дык наогул арнамент перайшоў у масавую культуру. Калі раней вышыванка сапраўды была вышытая, з’яўлялася ўнікальнай, бо большасць рабіла вышыўку самастойна ці на замову, то сёння папулярнымі сталі прынты на майках, шкарпэтках і іншых рэчах, якія даступны кожнаму. Прыемна, што вышыванка стала брэндам сярод моладзі, амаль у кожнага маладога чалавека ёсць у гардэробе адзенне з арнаментам, а многія дзяўчаты маюць прыгожыя вышытыя сарочкі. Вельмі папулярнымі становяцца вышыванкі ў якасці падарунка. Так, мой сябар Віталь падараваў сваёй каханай сапраўдную вышыванку, пра якую яна даўно марыла. Акцыя “Падары немаўляці вышыванку” настолькі папулярная, што вытворцы ледзь спраўляюцца з аб’ёмамі па іх вырабу. Конкурс “Фота і сэлфі з вышыванкай” штогод прываблівае па некалькі тысяч новых удзельнікаў.

Мяне з вышыванкай звязвае ўласная гісторыя. Памятаю, як разам з сябрам Юрасём яшчэ ў школе марылі пра вышыванку (гэта быў прыкладна 2002-2003 гг.), але грошай на яе не было. Купіць вышыванку можна было ў народных майстрых, альбо ў “Скарбніцы”, альбо ў сувенірных лаўках, але гэта было занадта дорага. Таму, першую сваю вышыванку займеў толькі ў 2006 годзе ў канцы першага курсу. Памятаю, як купіў сабе ільняную сарочку, падабраў па кніжцы Міхася Кацара арнамент, а сяброўка Надзея яго вышыла. Вышыванка атрымалася ўнікальная з каўнерам пад пінжак, на той момант былі больш распаўсюджаны стойкі, таму мая вышыванка вылучалася і была не класічнай, а сучаснай, адаптаванай. Яна была зроблена якраз падчас універсітэцкай навуковай канферэнцыі, на якой мне ўпершыню з дакладам трэба было выступіць у секцыі “беларуская мова і літаратура”. Я вельмі хваляваўся, але вышыванка дадала мне ўпэўненасці, моцы ў словах і светлых думак у галаве. Пасля, у мяне з’явілася і канцэртная вышыванка, і зробленая на замову, і вышымайка. Дарэчы, як аказалася, то я не адзін, каго арнамент сапраўды рабіў лепш. Узгадваю, як аднойчы пры сустрэчы з навучэнцамі аднаго з каледжаў Міншчыны, моладзь мне расказала, што вышыванкі дапамагаюць ім больш размаўляць па-беларуску, вывучаць гісторыю роднага краю, бо калі яны іх апранаюць, то іх перапаўняе гонар за Беларусь, і яны не могуць па-іншаму. Таксама педагогі, якія працуюць з цяжкімі падлеткамі, распавялі, што вышыванка дапамагае ім у перавыхаванні, бо, як паказала практыка, тыя падлеткі, якія апранаюць такое адзенне, маюць добрыя паводзіны, не паляць, лепш вучацца, бо адчуваюць сувязь з продкамі, культурай, і ім сорамна рабіць дрэнныя ўчынкі.

Карацей, вышыванка – гэта моцны абярэг, які здольны абараніць кожнага, раскрыць лепшыя якасці чалавека, яго таленты, дадаць моцы. Але ў той жа момант – гэта модны трэнд, які абапіраецца на родную культуру і нашу традыцыю і не мае аналагаў у свеце. Вышыванка – гэта наша гісторыя, наша сучаснасць і наша будучыня, бо яе папулярнасць сведчыць пра тое, што наш народ ведае, хто ён і куды павінен рухацца, каб вечна жыла Беларусь.

08 ліпеня 2020 г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 305 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»