31.07.2020

Навука, якая ўмацоўвае дзяржаўнасць

Навука, якая ўмацоўвае дзяржаўнасць

Дзейнасць археолагаў можна

параўнаць з чараўніцтвам,

бо толькі сапраўдны чараўнік

можа зазірнуць у мінулае

Мікола Плавінскі

Археалогія. Як часта мы чуем гэтае слова? Многія адкажуць, што глядзяць тэматычныя фільмы і перадачы пра археалогію, раскопкі, хтосьці прыгадае чорных капальнікаў, якія шукаюць скарбы альбо зброю. Моладзь адкажа, што археалогія і раскопкі – гэта рамантыка, а у кагосьці з’явіцца думка, што гэтая навука звязана з шалёнымі грашыма, бо людзі, якія гэтым займаюцца, знаходзяць нешта важнае, што каштуе дорага. Ва ўсім сказаным, канешне, ёсць частка праўды, але толькі зусім маленькая. З уласнага досведу магу канстатаваць тое, што далёка не ўсе ведаюць, як праходзяць раскопкі і чым насамрэч займаюцца археолагі, а таксама, што раскопкі праходзяць і на тэрыторыі Беларусі, бо большасць звязвае іх з пірамідамі, афрыкаканскімі плямёнамі і яшчэ няведама чым.

З усяго вышэй пералічанага магу сказаць, што доля рамантыкі ў раскопках адназначна ёсць, скарбы таксама прысутнічаюць, але найбольш важнае – гэта навуковыя адкрыцці, якія рухаюць айчынную гістарычную навуку наперад, што дапамагае нам зразумець свае карані, нават вельмі далёкія, і адназначна ўмацоўвае нашу дзяржаўнасць, пазіцыі ў свеце, бо магутная толькі тая краіна, якая мае багатую культурную спадчыну, а значыцца – моцны падмурак, які вытрымае любыя сучасныя надбудовы ў шмат паверхаў. Паверхі – гэта пласты нашай гісторыі, якія падобныя да золатавалютнага рэзерву любой дзяржавы, бо не сакрэт, што калі валюта не падмацаваная, то яна пустая і не мае вартасці. Так і з дзяржавай, моц і мэтазгоднасць якой абумоўлена гістарычнымі працэсамі, культурай, мовай, нацыяй.

Вернемся да археалогіі і раскопак . Яшчэ са студэнцкіх часоў марыў патрапіць на раскопкі, аб’явы пра якія віселі на кожным паверсе ўніверсітэта, але паўдзельнічаць атрымалася толькі падчас навучання ў аспірантуры па запрашэнні сяброў. Мае першыя раскопкі былі прысвечаны Мядзельскаму замку. Так, сапраўды такі быў, і нават трошачкі ёсць. Большасць валанцёраў думае, што знойдзе нейкае золата, дыяменты, гарматы, альбо адкапае вежы палацаў, патаемны пакой князя і таму падобнае, але патрапіўшы ў архелагічны летнік займаецца тым, што здымае дзёран, носіць пясок, працуе рыдлёўкай. Тут няма нічога дзіўнага, бо на раскопках існуе свая іерархія, якая з’яўляецца і своеасаблівай вучобай, бо зразумела, калі ты ўпершыню на раскопках, то павінен сябе зарэкамендаваць, навучыцца рамяству, зразумець, што можна, а чаго нельга, і толькі тады пяройдзеш на прыступку вышэй. Будзеш працаваць савочкам альбо з міліметроўкай, нівелірам, а магчыма паступіш на гістфак і станеш прафесіяналам, каб пасля быць на чале гэтых працэсаў. Сваё месца ў археалогіі я знайшоў, заўсёды працую рыдлёўкай, большага мне не трэба. Як сказаў мой калега па археалагічным летніку ў Наўрах: “У руцэ маёй рыдлёўка, я працуюю ёю лоўка”. Дарэчы, гэта як у жыцці: хтосьці ўсё жыццё працуе на заводзе каля станка, а камусьці неабходна рухацца па кар’ернай лесвіцы, альбо мяняць працоўнае месца штогод. Археалагічны летнік – гэта своеасаблівая сацыяльная мадэль, жывы арганізм са сваёй структурай, апаратам, органамі кіравання, лідарамі і нават традыцыямі, што вельмі важна. Патрапіўшы хоць раз на раскопкі, хочацца штогод да іх далучацца. Ёсць тут і доля рамантыкі, і цікавыя людзі розных прафесій і класаў, і новыя знаёмствы, і яднанне з прыродай. Многіх вабіць і далучэнне да гістарычнай спадчыны, унёсак у навуку, спрычынёнасць да нечага важнага, разуменне сябе праз прызму гісторыі Беларусі. Археалогія – гэта глыбіня ў розных сэнсах і праявах, чараўніцтва, паэзія. Як адзначыў Мікола Плавінскі, кіраўнік многіх экспедыцый, кандыдат гістрычных навук, аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў: “Кожны новы палявы сезон, кожны новы раскоп і кожная новая знаходка раскрываюць перад табой новыя далягляды мінулага і робяць тваю повязь з роднай зямлёй усё больш непарыўнай”. Цалкам пагаджаюся з яго словамі.

Пра раскопкі, якія з’яўляюцца маленькай, але важнай часткай археалогічнай навукі можна сказаць вельмі шмат. Я не буду пералічваць усіх вядомых археолагаў, спадзяюся, пасля прачытання маіх радкоў хтосьці знойдзе іх працы у бібліятэцы альбо пачытае ў інтэрнэце, магчыма, наведае навукова-папулярныя лекцыі па археалогіі, запішаццца ў археалагічны летнік. Галоўнае, каб мы ведалі: хто мы і куды рухаемся. А гэта магчыма толькі пры адчуванні сваёй повязі з Бацькаўшчынай.

30 ліпеня 2020г.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 209 раз

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2019 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»