Афганістан жыве ў душы і сэрцы

Афганістан жыве ў душы і сэрцы

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў па традыцыі сустракаюцца былыя ваеннаслужачыя, якія  прайшлі вогненнымі дарогамі Афганістана, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у іншых “гарачых” кропках планеты.

Чарговая дата зноў  сабрала ў мінулую пятніцу разам мужных мужчын, у душу і сэрца якіх запала вайна. Гэта ім, тады зусім маладым хлопцам, давялося абараняць мірных жыхароў ад душманскіх галаварэзаў. Адчуць на сабе нясцерпную спякоту афганскага сонца, горыч і боль ад страты баявых сяброў. А яшчэ праявіць смеласць, стаць дастойнымі пераемнікамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, якімі па праву ганарымся.

Адразу ўсе накіраваліся ў Мядзельскі музей Народнай славы на адкрыццё раздзела экспазіцыі, прысвечанага воінам-інтэрнацыяналістам азёрнага краю. Навуковыя супрацоўнікі ўстановы Таццяна Пісарчык і Любоў Грыцкевіч шчыра прывіталі гасцей і павялі аповед пра падзеі, якія разгортваліся на чужой зямлі, але закранулі лёсы многіх нашых суайчыннікаў, іх сем’і, блізкіх, сяброў. Так, адышла ў гісторыю афганская вайна, гераічная і трагічная, якая доўжылася ў два разы больш, чым Вялікая Айчынная. Але засталіся сведкі — удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, ветэраны лакальных канфліктаў. І пакуль яны будуць жыць, памяць пра іх геройства і мужнасць не згасне, а перадасца будучым пакаленням. Адкрыццё раздзела экспазіцыі, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам Мядзельшчыны, — лепшае гэтаму сведчанне. Дарэчы, актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” на чале са сваім старшынёй падпалкоўнікам запасу Юрыем Мяркулавым выступілі ініцыятарамі яе стварэння — у знак памяці перад загінуўшымі і рана пайшоўшымі з жыцця інтэрнацыяналістамі, а таксама як даніна павагі тым, хто жыве з намі побач. Сабраныя экспанаты сапраўды ўнікальныя. Гэта амуніцыя, абмундзіраванне, карта дыслакацыі савецкіх войскаў і баявых дзеянняў у Афганістане, партрэт Івана Аніські — простага хлопца з вёскі Конціненты, які загінуў на чужбіне і за свой подзвіг пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, асабістыя рэчы, фотаздымкі ўдзельнікаў тых падзей…

Другая частка мерапрыемства адбылася ў гарадскім Доме культуры. Вядучыя — Аксана Мельнічэнка і Вікторыя Альгамец — запрасілі  прысутных узгадаць перажытае, успомніць землякоў, якія з гонарам выканалі абавязак салдата, засталіся вернымі прысязе. У знак пераемнасці пакаленняў на сцэну пад апладысменты запрашаецца ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Міхаіл Гершэнавіч вітае воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ён гаворыць пра лепшыя чалавечыя якасці, якія маладыя хлопцы праявілі ў цяжкіх баявых умовах, — пра іх стойкасць і мужнасць, патрыятызм. Заклікае берагчы мір на зямлі. Далей слова мае старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” падпалкоўнік запасу Юрый Мяркулаў. Юрый Мікалаевіч падкрэсліў: “Наш народ свята захоўвае памяць пра тых, хто чэсна і добрасумленна выконваў воінскі абавязак у Афганістане і іншых краінах, дзе мелі месца ўзброеныя канфлікты, дзе гінулі мірныя жыхары. Вывад савецкіх войскаў з Афганістана стаў вехай гісторыі, якая паставіла кропку ў аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі іншым дзяржавам. І дзень 15 лютага, калі апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю, адзначаецца ў Беларусі як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тое, што было, забыць немагчыма. Яно назаўсёды застаецца ў памяці, сэрцы. Як асколак снарада, міны, які пастаянна баліць, нагадвае пра сябе”. Затым пачалася цырымонія ўзнагароджання воінаў-інтэрнацыяналістаў памятнымі медалямі. Да прысутных звяртаецца з прывітаннем старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік у адстаўцы Пётр Райчонак. Свае найлепшыя пажаданні адрасавалі ўдзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане і ў іншых “гарачых” кропках курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Валасевіч, Канстанцін Навіцкі і Аляксей Леўчанка.

З цёплымі словамі да воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнулася таксама намеснік старшыні равыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна падкрэсліла, што мы нізка схіляем галовы перад памяццю ветэранаў усіх войнаў і зробім магчымае і немагчымае, каб і надалей заставацца мірнымі, шчаслівымі людзьмі. Карыстаючыся выпадкам, прамоўца падзякавала інтэрнацыяналістам за захаванне пераемнасці пакаленняў, за стваральную працу па росквіту любай Мядзельшчыны. Яна ж уручыла падзякі старшыні райвыканкама Юрыю Мяркулаву, Уладзіміру Зуеўскаму і Уладзіміру Ракецкаму за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і важкі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Сімвалічна і тое, што падчас такіх мерапрыемстваў старшакласнікі ва ўрачыстай абстаноўцы атрымліваюць білеты і значкі членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На гэты раз такой прыемнай місіі былі ўдастоены сем вучняў устаноў адукацыі горада. Напачатку з вітальным словам да іх звярнулася першы  сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марына Апанасёнак.  Права ж уручыць білеты і значкі членаў БРСМ было прадастаўлена старшаму прапаршчыку Валянціну Грыбоўскаму.

На працягу мерапрыемства вершаваныя і празаічныя радкі, адрасаваныя віноўнікам урачыстасці, чаргаваліся з музычнымі нумарамі. Хораша спявалі воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Гульцяеў, Вольга Буянава, Ганна Казакевіч, Вікторыя Ліхач, Таццяна Хрол, вакальная група дзіцячай школы мастацтваў “Канфеці”. Выдатна справіліся са сваімі абавязкамі і чытальнікі вершаў гімназісты Андрэй Гірвель і Павел Акуневіч.

Цёплыя словы, песні, добразычлівая атмасфера, якая панавала ў зале, мяркую, перанесла не аднаго з воінаў-інтэрнацыяналістаў у мінулае, прымусіла ўзгадаць тыя далёкія падзеі, успомніць сяброў, якіх, на жаль, зараз няма побач. І разам з тым зразумець, як важна жыць і заставацца патрэбным — сваёй Радзіме, родным і блізкім людзям.

Оцените материал
(1 Голосовать)
Прочитано 4623 раз

Дополнительная информация

Галерея изображений

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2024 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»