Прэзентуй сваю ідэю

Прэзентуй сваю ідэю

Самых крэатыўных, дапытлівых і цікаўных школьнікаў Стаўбцоўшчыны сабрала раённая выстаўка-прэзентацыя маладзёжных праектаў «100 ідэй для Беларусі». 

 

На гэты раз раённы камітэт БРСМ запрасіў да ўдзелу аўтараў 15 праектаў. Выстаўка-прэзентацыя праходзіла ў раённым Цэнтры культуры. Удзельнікі прадстаўлялі свае работы на суд арганізацыйнага камітэта, у складзе якога працавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Ала Вяршэня, намеснік начальніка службы рэлейнай аховы і аўтаматызацыі Стаўбцоўскіх электрасетак Дзяніс Пашкевіч і яго калега, майстар Раман Войтка.

– Рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» праводзіцца грамадскім аб’яднаннем БРСМ з мэтай актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да рашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, – звяртае ўвагу першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Раённы камітэт БРСМ акумуліруе заяўкі і праекты, лепшыя з іх накіроўвае на разгляд абласнога экспертнага савета, створанага пры абласным камітэце ГА «БРСМ».

Крытэрыямі ацэнкі праектаў служыць актуальнасць заяўленай тэмы і практычная значнасць работы, рэальнасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта, навізна ідэі, дакладнасць і лагічная абгрунтаванасць задач даследавання і яснасць шляхоў іх дасягнення, арыгінальнасць аўтарскай канцэпцыі.      

Праекты, прадстаўленыя на раённую выстаўку-прэзентацыю, вылучаліся сучаснасцю і актуальнасцю тэматыкі. Іх прадставілі вучаніца 11 класа Вішнявецкай школы Кацярына Сасноўская (кіраўнік – Т. М. Сасноўская), вучаніца 10 класа Рубяжэвіцкай школы Ірына Сабалеўская (кіраўнік – Л. У. Харытонава), вучань 9 класа Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Мацвей Ключнік (кіраўнік – Т. Р. Семяннік), вучаніца 9 класа гімназіі № 1 Марыя Францкевіч (кіраўнік – Р. М. Малахава), вучань 10 класа гімназіі № 1 Генадзь Блашко (кіраўнік – А. В. Шыдлоўская).

Два праекты прадставілі вучаніцы Дзераўнянскай школы – дзесяцікласніцы Таццяна Касцюкевіч і Настасся Недзень (у іх адзін кіраўнік – Л. С. Навіцкая). Абедзве работы вылучаны арганізацыйным камітэтам сярод лепшых. Настасся Недзень даследавала поўнае ўнутранае адлюстраванне святла. Дастаткова сказаць, што з’яву гэтую выкарыстоўваюць у валаконнай оптыцы для перадачы светлавых сігналаў на вялікія адлегласці. Таццяна Касцюкевіч, якая займаецца даследчай працай на працягу апошніх трох гадоў, засяродзілася на «Гарачым фантане» – даследавала фактары, ад якіх залежыць вышыня фантана. Гэтая работа можа знайсці прымяненне на ўроках фізікі пры вывучэнні наступных тэм: «Асновы тэрмадынамікі», «Работа газу пры расшырэнні», «Рух вадкасці  і закон Бернулі» – і, безумоўна, пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.

Узаемадзеянню фізікі і інфарматыкі прысвечаны яшчэ адзін праект, прызнаны сярод лепшых, – «Светлавыя з’явы» Мацвея Ключніка з Цясноўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя  школа. Мэта яго праекта разам з тэарэтычным і эксперыментальным прадстаўленнем тэмы «Светлавыя з’явы» носіць цалкам практычнае значэнне: стварэнне з дапамогай праграмы Microsoft Office Sharepoint designer электроннага даведніка для вучняў і настаўнікаў. Пасля бурнага абмеркавання ў «чацвёрку» лепшых праектаў трапіў і праект гімназісткі Марыі Францкевіч, аб якім быў змешчаны матэрыял у адным з апошніх нумароў «Праменя».

Названыя вышэй аўтары чатырох лепшых маладзёжных праектаў адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі, набытымі за сродкі, прызначаныя для рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Усе ўдзельнікі выстаўкі-прэзентацыі ўганараваны сертыфікатамі. Ім дарылі сваю творчасць (таксама з інавацыйна-творчым падыходам) вучні гімназіі № 1 Ганна Абрамовіч і Лізавета Сей, вучаніца школы № 2 Дар’я Доўнар.  

 

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 3105 раз

Дополнительная информация

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2024 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»