У фінал рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» выйшлі два маладзечанскіх праекта

Дзмітрый Каспяровіч (справа), Аляксандр Шыман і выкладчыца Марыя Манюк

Журы рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ужо не першы год адбірае лепшыя інавацыйныя ідэі школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. Сёлета на рэспубліканскім узроўні прадстаўлены два маладзечанскія праекты.

Цікавыя распрацоўкі ў галіне праграмавання, хімічнай вытворчасці і тэхнікі, гатовыя для далейшай практычнай рэалізацыі, штогод праходзяць некалькі этапаў адбору.

Пачаць з сябе

Навучэнец Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза Дзмітрый Каспяровіч на конкурс «100 ідэй для Беларусі» прадставіў праект «Праграмісты супраць нікаціну». Па яго словах, значнасць вынаходкі ў тым, што праграма рэальна дапамагае пазбавіцца ад адной з самых распаўсюджаных залежнасцей у свеце.

– Па статыстыцы, у Беларусі на аднаго жыхара краіны ў сярэднім у год прыпадае 2266 выкураных цыгарэт, – расказвае Д. Каспяровіч, які ў сваёй распрацоўцы выкарыстоўваў даныя Міністэрства аховы здароўя. – Лічбы сярод студэнтаў таксама не радуюць – каля 65 працэнтаў з іх маюць нікацінавую залежнасць. Напэўна, таму наша краіна ўваходзіць у дзясятку самых нікаціназалежных краін свету.

Дзмітрый прызнаецца, што на стварэнне такой праграмы яго падштурхнула асабістае жаданне кінуць курыць. Таму да сваёй курсавой работы, якая стала асновай вынаходкі, ён падышоў адказна.

–  Мая распрацоўка простая, з ёю справіцца любы карыстальнік камп’ютара. Тым больш, існуе спецыяльная даведачная сістэма, якая аблягчае засваенне праграмы, – гаворыць хлопец. – З яе дапамогай можна вылічыць магчымасць захварэць на рак і даведацца, колькі «каштуе» курэнне.

Па словах навуковага кіраўніка навучэнца і выкладчыцы цыклавой камісіі праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій і інфарматыкі Марыі Манюк, праграма можа стаць знаходкай для тых, хто жадае пазбавіцца ад дрэннай звычкі. Цяпер яны разам з Дзмітрыем заняты ўдасканаленнем дызайну распрацоўкі і зацікаўлены ў стварэнні яе мабільнай версіі. Моладзь сёння пераважна карыстаецца тэлефонамі на аснове аператыўнай сістэмы Android, таму без мабільнай версіі любой праграмы немагчыма гаварыць аб яе масавым выкарыстанні, заўважае М. Манюк. Яна зазначае, што толькі на распрацоўцы Д. Каспяровіча работа ў каледжы не спыняецца. Напрыклад, Аляксандр Шыман на конкурс прадставіў сваю распрацоўку «Сямейны бюджэт».

Нахімічылі!

Васьмікласніка Выверскай базавай школы Андрэя Бурака хімія зацікавіла з першых урокаў. На факультатыве разам са сваёй настаўніцай Аксанай Бурак ён вырашыў адмовіцца ад звыклых хімічных рэакцый. Так з’явілася ідэя, якая праз паўгода была прадстаўлена на абласным этапе «100 ідэй для Беларусі» як распрацоўка «Атрыманне араматычных алеяў і выкарыстанне іх у быце». Андрэй Бурак са сваёй настаўніцай хіміі.

Андрэй Бурак са сваёй настаўніцай хіміі

– Мы правялі апытанне сярод школьнікаў і іх бацькоў, каб даведацца пра іх стаўленне да араматычных алеяў, – расказвае Андрэй. – Большасць рэспандэнтаў сцвярджала, што не выкарыстоўвае нічога такога для барацьбы са шкоднымі насякомымі дома ці ў якасці касметычных сродкаў.

З інгрэдыентамі хлопцу дапамагалі бабулі Варвара і Яўгенія (яны вырошчваюць мяту, чабор і лаванду). Цытрусавыя і пупышкі асіны Андрэй нарыхтаваў самастойна. Па словах васьмікласніка, гатаваць алеі проста.

– Такія араматычныя дадаткі можна выкарыстоўваць у якасці асвяжальніка паветра ці сродку супраць молі. Для апошняга, праўда, у склад павінны ўваходзіць яшчэ некаторыя рэчывы. Цяпер мы якраз распрацоўваем бясшкодны варыянт такога алею, – гаворыць Андрэй Бурак.

Оцените материал
(0 голосов)
Прочитано 4686 раз

Дополнительная информация

Официальный сайт Минской областной организации ОО «БРСМ» © 2008-2024 Интернет-портал «Молодёжь минщины». Все права защишены.

Интернет-премия «Тибо-2010» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2010»
Интернет-премия «Тибо-2019» Лауреат Интернет-премии «ТИБО-2019»
Интернет-премия «БРСМ-2019» Победитель Интернет-премии «БРСМ-2019»