У складзе «Слуцкіх васількоў» былі прадстаўнікі мясакамбіната, сыраробнага камбіната, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, хлебазавода і райкама БРСМ. Случчане ўпершыню выступілі на такім фестывалі.
Праграма была насычанай і цікавай: творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, квест «Падарожжа па роднай краіне», конкурс фотаработ і іншыя. Выбіралі лепшую «парачку» фестывалю, прычым дзяўчына і юнак былі з розных каманд. Самая актыўная на працягу фестываля каманда, якая найбольш ярка праявіла сябе ў конкурсах і спаборніцтвах, прадэманстравала самы моцны «васільковы вянок» – «Клецкія кексы» – стала пераможцай.
Нам вельмі спадабаўся фестываль: перамена дзейнасці, новыя знаёмствы, цікавая праграма, вясёлыя конкурсы, – падзяліліся ўражаннямі слуцкія ўдзельнікі. – Мы праявілі свае акцёрскія здольнасці (хтосьці нават на здагадваўся пра свой талент!), паказалі нядрэнную фізічную падрыхтоўку. Правесці час у добрай кампаніі на прыродзе – што можа быць лепшым! Агульная добрая справа ў момант аб’ядноўвае, робіць нас сябрамі, дае імпульс цікавым пачынанням. І мы ў чарговы раз паказалі, якая актыўная наша моладзь, творчая, улюбёная ў родны край.
Капітан случчан Наталля Беразоўская:
– Я ўпершыню апынулася на такім турыстычным свяце, яно пакінула шмат прыемных успамінаў і ўражанняў. Капітанская пасада – справа адказная, настроіць каманду, падбадзёрыць. І сама з задавальненнем удзельнічала ў конкурсах. Нашы «васількі» – дружныя, згуртаваныя, падтрымлівалі адзін аднаго ў спаборніцтвах. Вечарамі рыхтаваліся да конкурсаў, спявалі песні пад гітару, знаёміліся з суседзямі па палатачным гарадку, танцавалі. Тры дні праляцелі хутка, мы нават крыху пасумавалі, што ўсё скончылася. У наступным годзе абавязкова зноў пабываем на фестывалі.