Дыскусія атрымалася шчырай і цікавай. Гаварылі пра стан аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Міншчыны.
А іх шмат. Толькі матэрыяльных нерухомых больш за 660. Адказныя асобы не заўсёды могуць прасачыць за такой колькасцю. Таму першы сакратар абкама ГА «БРСМ» Кірыл Шык прапанаваў моладзі весці маніторынг захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей на пастаяннай аснове. Гэтую ідэю падтрымаў Мікалай Плавінскі. На яго думку, паралельны кантроль над планаваннем работ на помніках і за іх выкананнем павінен стаць сферай адказнасці мясцовых маладзёжных арганізацый і прэсы. Эксперт успомніў выпадак, калі ў гатычным касцёле XV стагоддзя з-за адсутнасці грамадскага назірання рабочыя высеклі дзве нішы без узгадненняў з адпаведнымі службамі:
– Маніторынг – вельмі патрэбная справа. Вось, напрыклад, сёлета, на жаль, археалагічныя аб’екты на тэрыторыі Міншчыны пацярпелі падчас лясных высечак. Інфармацыя з месцаў пра ўсё гэта паступала са скрыпам… Калі вы бачыце, дзе штосьці не так, адразу паведамляйце першаму сакратару райкама, у якога ёсць магчымасць паўплываць на сітуацыю. Сэнс у тым, каб прадухіліць пашкоджанне ці ўвогуле знішчэнне каштоўнасці.
Бадай, у кожным раёне ёсць амаль нікому невядомыя помнікі. Грамадская арганізацыя можа «раскруціць» іх, аднавіць пры падтрымцы інвестараў ці шляхам прыцягнення грантавага фінансавання.
Мікола Волкаў, знаёмы з адпаведным еўрапейскім вопытам, адзначыў:
– Насамрэч усё залежыць ад мясцовай супольнасці, ад таго, наколькі моцная ініцыятыва знізу ў рэгіёне. Бо толькі жыхары могуць зрабіць сваю малую радзіму прыгожай і прывабнай для іншых. Усё ў нашых руках.
З чаго пачаць? Алгарытм дзеянняў па адраджэнню спадчыны даўно вядомы, лічыць Мікалай Плавінскі:
– Галоўнае – жаданне працаваць.
Моладзь сёння не заўсёды гатова ўзяць на сябе такую адказнасць.
Так, даволі складанае фінансавае пытанне. Але рэалізоўваць мясцовыя ініцыятывы па адраджэнню спадчыны можна пры міжнароднай падтрымцы. Дырэктар фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Алеся Каролік запэўніла:
– Паверце, знайсці сродкі магчыма. Можна ўдзельнічаць у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС «Латвія – Літва – Беларусь» і «Польшча – Беларусь – Украіна». Зноў жа, актывістам трэба праяўляць большую зацікаўленасць. Міжнародныя партнёры нават арганізоўваюць спецыяльныя адукацыйныя сустрэчы, на якіх падрабязна тлумачаць усе нюансы падрыхтоўкі неабходных дакументаў на ўдзел у конкурсах.
Кірыл Шык заклікаў актыў да дзеянняў:
– Сябры, яшчэ раз падумайце, прааналізуйце, якія праекты варта ажыццявіць на вашай малой радзіме. Шанц атрымаць сродкі ёсць, трэба быць гатовымі яго скарыстаць. А развіццё турызму, як вы памятаеце, – гэта і інвестыцыі, і новыя працоўныя месцы.
Мікалай Плавінскі:
– Нам трэба зразумець, што наша спадчына – гэта не проста аб’екты, якія патрабуюць аховы і добраўпарадкавання. Гэта аснова для стварэння ўстойлівай інфраструктуры. Узяць нашых суседзяў. Усходняя Польшча, раней не самы прывабны для турыстаў рэгіён, сёння ператварылася ў турыстычную Меку. Літва даказала, што з некалькіх гарадзішчаў можна стварыць маршрут, запатрабаваны жыхарамі сталіцы. Мы павінны навучыцца цаніць тое, што мы маем.
Мікола Волкаў:
– Тое, што мы часам лічым нецікавым замежнаму турысту, на самай справе мае вялікі інтарэс. У Еўропе насыціліся замкамі і прынцэсамі, ім патрэбна прырода, прыгожыя краявіды і вялікая падзея. Можна, напрыклад, паказаць Першую сусветную вайну. Праз Міншчыну праходзіла доўгая лінія фронту, уздоўж яе засталося многа помнікаў. Ідэя вымагае інтэлектуальных укладанняў, але гэтая спецыфіка дакладна можа спрацаваць.
Падводзячы вынікі дыскусіі, эксперты яшчэ раз адзначылі ролю самаактыўнасці моладзі. Сапраўды, баяцца справы не трэба. Наша спадчына не праблема, а патэнцыял.