Шчодрая пагосцкая ніва пацвердзіла высокі клас майстэрства мясцовых земляробаў: адразу некалькі камбайнавых экіпажаў і вадзіцеляў сталі пераможцамі раённага спаборніцтва на жніве. Канкурэнцыя паміж пагосцкімі механізатарамі каторы год даволі высокая. Здолелі сказаць свае слова тут не толькі вопытныя работнікі, але і навічкі. Першы раз прымаў удзел у адказнай кампаніі Аляксандр Хрышчановіч, яго настаўнікам стаў таксама малады, за плячыма якога ўсяго адзін хлебаробскі сезон, Ягор Пянкрат. З першага дня яны старанна рупіліся на жніве ў гаспадарцы. Спачатку на камбайне КЗС1218 убралі 32 гектары азімага рапсу і намалацілі 56 тон масланасення культуры, затым абмалацілі 228 гектараў і папоўнілі каравай гаспадаркі 768 тонамі збожжа.
Шчыра падтрымлівалі маладзёжны камбайнавы экіпаж кіраўніцтва ААТ «Пагосцкі» і сакратар РК «БРСМ» Вольга Жукоўская. Хто ведае можа ўжо праз год Ягор Пянкрат і Аляксандр Хрышчановіч зоймуць пачэснае месца ў тройцы лепшых пагосцкіх камбайнераў альбо паб’юць рэкорд Вячаслава Кашлачова.