Штогод напярэдадні Дня моладзі на беразе маляўнічай ракі Іслач размяшчаецца «Алімпійскі» палатачны гарадок, які на тры дні становіцца цэнтрам спартыўнага і культурнага жыцця для больш за паўтысячы юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі.
Праграма «Алімпіі» традыцыйна насычана разнастайнымі спартыўнымі спаборніцтвамі і конкурсамі.
Неад'емная частка праграмы мерапрыемства – творчы складнік фестывалю. У розных конкурсах «Алімпійцы» праяўляюць таленты, артыстызм, сцэнічную і мастацкую культуру.
У Год моладзі фестываль «Алімпія» здабыў новы статус – спартыўна-адукацыйнага форуму, галоўная мэта якога – аб'яднанне і навучанне юнакоў і дзяўчат праз трэнінгавыя і лідарскія праграмы, правядзенне майстар-класаў, прэзентацый, сустрэч з вядомымі людзьмі, працу аб'яднаўчых пляцовак, асноўнай з якіх стала пляцоўка адкрытых дэбатаў «Выбірай.by!".
Кожны год арганізатары фестывалю рыхтуюць сюрпрызы для яго ўдзельнікаў: гэта і арыгінальная цырымонія запальвання Алімпійскага агню, і тэатралізаванае прадстаўленне адкрыцця спартыўнага фэста, і спецыяльныя госці праграмы, якія прыязджаюць на Іслач парадаваць сваёй творчасцю, і, вядома ж, падарункі пераможцам.
Заснавальнікі і арганізатары праекта – Грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Міністэрства спорту і турызму, інфармацыі, адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны і Валожынскі раённы выканаўчы камітэты, Беларуская чыгунка.