З кветкамі памяці

З кветкамі памяці

Перасоўная выстаўка "Музей-бус – "Кветкі Вялікай Перамогі" пабывала ў нашым раёне. 

Цікавасць да экспанатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны (іх можна прымераць, да іх можна дакрануцца) арганічна сумясцілася з жывой маладзёжнай імправізацыяй побач з незвычайным музеем на колах. У складзе яго экіпажа былі маладыя людзі з гітарамі.

Адбылося гэта падчас абласнога форуму дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў "Будучае – гэта мы!", які праходзіў на Стаўбцоўшчыне. Знаёмства з "музеем-бусам" адбылося адразу пасля ўрачыстага адкрыцця форуму. Экскурсію правяла каардынатар праекта, сакратар ЦК грамадскага аб'яднання БРСМ Вікторыя Меннанава.

– "Музей-бус" – гэта сумесны праект БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яго прэзентацыя адбылася 7 мая 2016 года на мемарыяльным комплексе "Курган Славы". Напярэдадні, у снежні 2015 года, было заключана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве – паміж БРСМ, ФПБ і Беларускім грамадскім аб'яднаннем ветэранаў. А яшчэ раней, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў маладзёжны марафон "70!", часткай якога і стала арганізацыя "музея-буса", – расказвае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Перасоўная музейная экспазіцыя нагадвае пра гераізм беларускага народа, адлюстроўвае гісторыю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экспанаты для яе былі прадстаўлены гісторыка-культурным комплексам "Лінія Сталіна", Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеем гісторыі камсамольскага і маладзёжнага руху Беларусі, Мінскім дзяржаўным турысцка-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. Сярод іх – каскі, фуражкі з зоркамі, франтавыя сцягі, шынель, фляжка, кацялок, салдацкі дзённік, апаратура для перадачы экстранных паведамленняў…

Плануецца, што ў чэрвені перасоўная выстаўка пабывае ва ўсіх абласных цэнтрах нашай краіны, у тым ліку і на буйных прадпрыемствах, а таксама прыме ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці. У саставе экіпажа "музея-буса" – і аматары бардаўскай песні. Звычайна – не выключэннем стала і Стаўбцоўшчына – на гукі гітары актыўна падцягваецца моладзь і пляцоўка з "музеем-бусам" ператвараецца ў своеасаблівы флэшмоб, эпіцэнтр усеагульнай увагі. У нас бардам дапамагала настаўніца музыкі з Залужскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Марыя Рыштоўская.

БРСМ цесна супрацоўнічае не толькі з прафсаюзнымі і ветэранскімі арганізацыямі. Заключана пагадненне аб сумеснай рабоце паміж БРСМ і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Асноўная мэта яго – садзейнічанне органам і падраздзяленням МНС у папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. У рамках праекта на базе райаддзела па надзвычайных сітуацыях з ліку вучняў школы № 3 г. Стоўбцы створаны спецыялізаваны атрад. Плануецца далучыць да яго і вучняў іншых стаўбцоўскіх школ. З удзелам выратавальнікаў, а таксама медработнікаў, якія вучылі аказваць першую медыцынскую дапамогу, ужо прайшоў першы семінар. У яго праграме была і экскурсія па раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Адбыўся велапрабег, арганізаваны ўпраўленнем па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці, удзел у якім узяла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Цеснае супрацоўніцтва наладжвае БРСМ і з райаддзелам міліцыі, у прыватнасці, з групай па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Складзены "антынаркатычны" план сумеснай работы. На даны момант завяршыўся раённы конкурс на лепшы сацыяльны ролік, накіраваны супраць распаўсюджання наркотыкаў. Сярод яго пераможцаў – Дзераўнянская школа, школа № 2 г. Стоўбцы і Цясноўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа.

Rate this item
(0 votes)
Read 4559 times

Additional Info

  • Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»