Дынамічны выбух лета

Дынамічны выбух лета

16 ліпеня на стадыёне прайшло маштабнае маладзёжнае свята, якое аб’яднала людзей розных сфер дзейнасці і рознага ўзросту. І самае галоўнае – усе не толькі з карысцю і пазнавальна правялі выхадны дзень, але і атрымалі шмат станоўчых эмоцый. 

 

Пад роў матораў

Тон святочнаму дню задалі дзясяткі байкераў, якія а дзясятай гадзіне раніцы ў суправаджэнні машыны супрацоўнікаў ДАІ павярнулі на стадыён і праехалі па ім некалькі кругоў. Матацыклы спыніліся, байкераў тут жа акружылі дзеці і дарослыя, аб’яднаныя адным жаданнем – сфатаграфавацца каля магутных “Кавасакі”, “Хонда” і г. д.

Пасля былі спаборніцтвы на самую павольную язду, “Сасіска” (пасажыр матацыкла, які едзе, павінен хаду надкусіць падвешаную на вяроўцы сасіску і пры гэтым палітую кетчупам), па армрэслінгу і іншыя.

А яшчэ байкеры не адмаўлялі нікому ў просьбе пракаціцца на матацыкле. Словамі не перадаць эмоцыі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія, заняўшы месца на матацыкле, рабілі круг па стадыёне.

Роў матораў, пранізлівы смех, шчаслівыя воклічы зліваліся ў адзін гул. Усё гэта зрабіла сустрэчу з ўладальнікамі “жалезных коней” незабыўнай.

 На варце “Ураган”

Страйкбольны клуб “Ураган” паспеў дастойна заявіць пра сябе не толькі ў нашым раёне, але і ў суседніх. Яго актывісты (Максім Назаранка, Віктар Рамановіч, Яўгеній Дзёмін, Юрый Урбановіч і іншыя) заўсёды там, дзе праходзяць ваенна-спартыўныя мерапрыемствы. Пастаяннымі для іх сталі спаборніцтвы па тактычнай стральбе з пераадоленнем паласы перашкод і ўзяццем вызначанага правіламі гульні “аб’екта”.

Вось і ў той дзень юнакі “адпрацавалі” на выдатна, прадэмантсраваўшы публіцы захоп аўтамабіля. Хтосьці скажа “Гэта звычайная гульня ў вайнушку. Мы таксама ў дзяцінстве гулялі, толькі амуніцыя ў нас была больш простая”. Аднак “ураганцы” перакананы, што навыкі стральбы для юнакоў абавязковыя.

– Мы спецыяльна ўключылі гэты момант у праграму свята, – адзначае старшыня РАС ДТСААФ Яўгеній Уласевіч. – Зроблена гэта з мэтай ваенна-патрыятычнага выхавання і падрыхтоўкі моладзі да службы ў арміі. Магчыма, гледзячы на людзей у форме, многія юнакі пажадаюць быць падкаванымі ў пытаннях стральбы.

 На здымках – будучыя абаронцы

Больш як месяц таму раённая арганізацыйная структура ДТСААФ ў сваёй групе ў “Аднакласніках” аб’явіла фотаконкурс “Будучыя абаронцы Айчыны”. Кожны дзень там з’яўляліся аматарскія здымкі з мерапрыемстваў, якія праходзілі пад эгідай раённай арганізацыі: аўтапрабег, выезды ў Валожын і Салігорск, сустрэчы ў школах.

Аўтараў здымкаў, што трапілі ў тройку лідараў, Яўгеній Уласевіч агучыў на мерапрыемстве і ўручыў пераможцам граматы. Трэцяе месца заняла Таццяна Уласевіч, другое – Вера Лукашэвіч, першае – Марына Мацвеева.

 Квэст-віктарына

У дванаццаць гадзін стартавала квэст-гульня “Вуліцы роднага горада”. Яе праводзілі члены літаратурна-творчага аб’яднання маладых пісьменнікаў Уздзеншчыны “Вясёлка”. Да ўдзелу ў гульні дапускаліся каманды з пяці чалаек. І жадаючых было дастаткова, пераважна – моладзь. Ім патрэбна было пераадолець сем станцый і выканаць розныя заданні, звязаныя з літаратурай (суаднесці імёны герояў, адгадаць назвы кніг, тэатралізацыя баек Кандрата Крапівы, заплятанне косаў з паясоў, выразнае чытанне твораў “літаратурнай прышчэпкі”).

Па суме набраных балаў перамагла каманда ліцэя ў саставе капітана Аляксандры Серай, Кацярыны Рудакоўскай і Аляксандра Каско, Дзяніса Іванова і Сяргея Дуброўскага. Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі каманды “Воздушные” і “4+1”.

 “Змейкай” на аўто

Прадэманстраваць навыкі ў фігурным ваджэнні аўтамабіля пажадалі як жанчыны, так і мужчыны. На вучэбным аўтамабілі “Нэксія”, якую прадаставіла РАС ДТСААФ, вадзіцелі павінны былі выканаць два заданні – праехаць “змейкай” і правесці на даху машыны шклянку з вадой. Вядома ж, не абышлося без вострых віражоў і рэзкага тармажэння. Да прызоў даехалі самыя ўмелыя – Аляксандр Банецкі, Наталля Капачэўская і Іван Дзімітрук.

 У кроплях дажджу

Шмат эмоцый дзеці атрымалі, наведаўшы пляцоўку райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі не толькі дакрануцца да пажарнай тэхнікі і паглядзець, дзе што знаходзіцца, але і пасядзець за штурвалам, падняцца наверх машыны. На пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак пра магчымасці пажарнай тэхнікі адказвалі намеснік начальніка РАНСа Дзмітрый Крупнік і інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Святлана Зубкевіч.

Галоўным жа падарункам юным гасцям стаў штучны “летні дождж”.

 “Лета” на асфальце

Дзецям у гэты дзень сумаваць не было калі. Набегаўшыся на стадыёне, паласаваўшыся марожаным і пап-корнам, паскакаўшы на батуце, яны з задавальненнем малявалі рознакаляровымі крэйдамі на асфальце.

На пытанне “Што ты малюеш?” пяцігадовы хлопчык адказаў – “Лета”. І сапраўды, на асфальце было шмат кветак, сонейка, аблокі. Чым не летні пейзаж?

Усе дзіцячыя работы былі адзначаны невялікімі сувенірамі ад райкама БРСМ.

 2:0 – перамагла “Лівадзія”

У шаснаццаць гадзін на полі гарадскога стадыёна сустрэліся дзве футбольныя каманды: “Узда” і “Лівадзія”. Ужо на дваццаць пятай хвіліне матчу госці з Дзяржынска адправілі мяч у вароты нашых футбалістаў. На трыццаць сёмай хвіліне з трыбун прагучаў агульны “ох”, калі ўдар саперніка ледзь не прынёс чарговы гол, бо мяч патрапіў у штангу. Аднак пазбегнуць прапушчанага мяча ўсё ж не ўдалося – за хвіліну да перапынку дзяржынская каманда павялічыла адставанне нашых ігракоў яшчэ на адно ачко. У другім тайме балельшчыкі назіралі два гучныя ўдары ў штангу варот “Лівадзіі” і разачаравана ўздыхалі.

Матч завяршыўся з лікам 0:2 на карысць гасцей.

 У фарбах “холі”

У другі раз дакрануцца да рознакаляровай палітры настрою змаглі ўвечары ўсе жадаючыя, бо яны сталі ўдзельнікамі фестывалю фарбаў “Color Fest”.

Многія яшчэ да пачатку фестывалю ўпрыгожылі сябе ўсімі колерамі вясёлкі. Калі ж са сцэны прагучаў першы заклік – у паветра паднялося рознакаляровае воблака, якое паволі апусцілася на ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Твары, футболкі, валасы за некалькі секунд набылі новае адценне.

Гледзячы на “вясёлкавыя” твары ўдзельнікаў фестывалю фарбаў, было відавочна, – мерапрыемства атрымалася.

 Музычны акорд дня

Першы масавы запуск рознакаляровых фарбаў адбыўся пад выкананне хітоў гурта “REDKEDS”, які адкрыў шоў-праграму. Каб адпавядаць сваёй назве, яе ўдзельнікі носяць выключна чырвоныя кеды. Іх музыка – сумесь розных жанраў.

Затым іх змяніў больш спакойны і трохі сур’ёзны RuDIK. За гэтым сцэнічным псеўданімам хаваецца Яўген Рудакоўскі, пераможца маладзёжнага фестывалю творчых ініцыятыў “Время жить”, які сёлета прайшоў у Маладзечна. Малады чалавек прачытаў рэп на беларускай мове, чым асабліва ўразіў мясцовую публіку.

Каб разагрэць натоўп у танцах, вядучыя зладзілі флэшмоб. Гледачы пад энергічную музыку паўтаралі прапанаваныя іх увазе рухі. Пазітыўны настрой прысутным дарылі таксама Дзмітрый Казачнік, які спяваў лёгка і задорна, група “Asspirin”, якая выконвае трэкі ў стылі дыска-панк, гурт “16+”, Civil Alex з замежнымі хітамі пад акампанемент жывых інструментаў, гурт «ИNSАЙТ» са сваім хіп-хопам, ALANER.

Песні, якія гучалі са сцэны, – розныя па змесце і падачы, але ў іх шмат сэнсу. Таму ўсё гэта яшчэ доўга будзе захоўваць памяць тых, хто дакрануўся да творчасці таленавітых маладых выканаўцаў.

Rate this item
(0 votes)
Read 5338 times

Additional Info

  • Автор: Вера ЛУКАШЭВІЧ, Крысціна ЛЫЧКОЎСКАЯ
  • Фото: Сяргей ШАРАЙ

Афіцыйны сайт Мінскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ» © 2008-2024 Iнтэрнэт-партал «Моладзь Міншчыны». Усе правы защишены.

Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2010» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2010»
Інтэрнэт-прэмія «Тібо-2019» Лаўрэат Інтэрнет-прэміі «ТІБО-2019»
Інтэрнэт-прэмія «БРСМ-2019» Пераможца Інтэрнэт-прэміі «БРСМ-2019»